Беларуская Служба

У турму за майку з выявай Чэ Гевары

06.12.2021 16:45
Міністэрства юстыцыі Польшчы плануе ўвесці правіла, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць за дэманстрацыю забароненай сімволікі.
Che Guevara
Che Guevarapixabay.com

Міністэрства юстыцыі Польшчы плануе ўвесці правіла, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць за дэманстрацыю забароненай сімволікі, паведамляе Rzeczpospolita. Тры гады будзе пагражаць за захоўванне, валоданне ці дэманстрацыю прадметаў з выявай нацысцкай, камуністычнай, фашысцкай ці таталітарнай сімволікі. Новае правіла, хутчэй за ўсё з'яўляецца наступствам сюжэта, які паказалі на прыватнай тэлестанцыі TVN пра святкаванне дня нараджэння Гітлера. У 2009 годзе падобную адказнасць увяла кіроўная тады Грамадзянская платформа. Тады зʼявіліся каментары, што ў турму патрапяць людзі, якія апранаюць майкі з выявай сярпа і молата, надпісам СССР ці ГДР, ці з выявай кубінскага рэвалюцыянера Чэ Гевары. У 2009 годзе такая вопратка была шырокадаступнай у крамах.

Прапанова цяперашняга міністра юстыцыі Збігнева Зёбры адрозніваецца ад ранейшай тэрмінам зняволення: не два а тры гады турмы. Акрамя гэтага, міністэрства тлумачыць, што карацца будзе не само выкарыстанне прадметаў з сімволікай, а дэманстрацыя іх з мэтай прапаганды палітычнага ладу або ідэалогіі. Такім чынам выключаецца  крымінальная адказнасць людзей, якія апранулі майку, не ведаючы, што на ёй выяўлена.

Выява Чэ Гевары сёння – больш сімвал поп-культуры, чым носьбіт нейкай ідэі. Каб пакараць чалавека апранутага, напрыклад, у такую ж майку, трэба будзе даказаць, што ён ведае гісторыю Лацінскай Амерыкі ХХ стагоддзя і мэтанакіравана надзеў гэтую майку, – піша Rzeczpospolita.

яс