Беларуская Служба

Віцэ-старшыня СПБ: Мы патрабуем увагі грамадскай думкі да нашых праблем

07.07.2022 13:31
Сітуацыя польскай меншасці ў Беларусі пачала пагаршацца яшчэ да расійскай вайны супраць Украіны, кажа Марэк Занеўскі.
Аўдыё
  • Віцэ-старшыня СПБ: Мы патрабуем увагі грамадскай думкі да нашых праблем
.
.www.facebook.com/mark.zanevskij

Як мы надоечы паведамлялі, брацкая магіла жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна была зраўнаная з зямлёй. Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з заявай па гэтай справе і нагадала, што гэта не першы выпадак апаганення польскіх магілаў і месцаў памяці ў Беларусі.
Паводле дыпламатаў, гэткія выпадкі варварства сведчаць аб стаўленні ўладаў у дачыненні да Польшчы. На пагаршэнне сітуацыі скардзяцца таксама прадстаўнікі польскай меншасці ў Беларусі.

Праблемы польскай меншасці віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі звязвае з агульным пагаршэннем сітуацыі беларускага грамадства, якое пачалося пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе:

- Сітуацыя палякаў у Беларусі рашуча памянялася з 25 сакавіка 2021 года, калі Саюз палякаў у Беларусі атрымаў моцны ўрад, то бок былі затрыманыя ягоныя лідары – Анжаліка Борыс, Анджэй Пачобут, члены ўправы арганізацыі – Марыя Цішкоўска і Ірэна Бярнацкая. Пасля гэтага многіх актывістаў выклікалі на допыты. Гэта прычынілася да паралічу працы ўсяе арганізацыі. У гэткай сітуацыі мы былі прымушаныя памяняць спосаб дзейнасці і зараз мы дзейнічаем у крыху іншым рэжыме, паколькі ранейшага немагчыма было ўжо працягваць.

Аднак праблемаў палякаў у Беларусі віцэ-старшыня СПБ не звязвае непасрэдна з вайной ва Украіне:

- Я б не спалучаў адназначна пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны з пагаршэннем сітуацыі палякаў у Беларусі, паколькі яшчэ да пачатку вайны сітуацыя была дрэнная і трывожная. Праблемы назіраліся ў многіх галінах: у адукацыі, у стаўленні да польскіх месцаў памяці і актывістаў польскай меншасці, якія выклікаліся на допыты; арышт лідараў. Таму цяжка спалучаць пагаршэнне сітуацыі палякаў з пачаткам вайны супраць Украіны.

Пагаршэнне стаўлення з боку беларускага рэжыму, асабліва ў дачыненні да польскіх актывістаў, прычынілася да таго, што частка дзеячаў была прымушаная пакінуць Беларусь, але гэта не была нейкая буйная эміграцыя, кажа віцэ-старшыня СПБ:

- Частка дзеячаў фактычна была прымушаная пакінуць Беларусь і яны зараз знаходзяцца, напрыклад, у Польшчы, аднак нельга сцвярджаць, што гэта ў нейкім буйным маштабе. Большасць лідараў і актыў засталіся ў Беларусі. Таму нельга казаць, што міграцыя ў Польшчу працягваецца ў нейкім буйным маштабе.

Зараз адна з найбольш балючых праблем польскай меншасці, гэта сітуацыя з адукацыяй, кажа Занеўскі:

- Зараз сітуацыя выглядае такім чынам, што ў дзяржаўным сектары ў Беларусі польскай адукацыі фактычна няма. Дзве апошнія польскія школы, якія дзейнічалі ў Беларусі былі ліквідаваныя. Ліквідаваныя былі таксама польскія класы, напрыклад, у Школе нумар 9 у Брэсце і ў адной са школаў у Магілёве. Такім чынам навучанне польскай мовы засталося выключна ў грамадскім сектары і ў форме курсаў. Сітуацыя пастаянна пагаршаецца і мы асцерагаемся, што можа быць яшчэ горш.

Надоечы польскае МЗС выступіла з чарговай заявай да ўладаў Беларусі наконт выпадкаў апаганьвання польскіх месцаў памяці на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці на Гродзеншчыне. Віцэ-старшыня СПБ пацвярджае, што колькасць такіх выпадкаў у Беларусі сапраўды расце:

- Мы сочым за сітуацыяй і я хачу падкрэсліць, што яна рашуча пагаршаецца. Нават за некалькі апошніх тыдняў мы зафіксавалі, апрача разбурэння брацкай магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках, таксама апаганьванне польскіх магілаў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна. Памятная дошка была сарваная ў вёсцы Багданы, дзе загінуў адзін з камандзіраў АК Ян Піўнік «Пануры». У сваю чаргу ў вёсцы Ярэмічы – дошка ў памяць Чэслава Заянчкоўскага «Рагнера». У Дындылішках ля Іўя, дзе пахаваныя два жаўнеры Арміі Краёвай, таксама была сарваная дошка з надмагільнага крыжа. Падобных выпадкаў апошнім часам усё больш. Можна канстатаваць, што польскія месцы памяці ў Беларусі апынуліся пад пагрозай.

Палякам, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, ніколі не было проста працягваць свае традыцыі і культуру, але яны працягвалі, нагадвае Занеўскі:

- На тэрыторыі сённяшняй Беларусі польскія традыцыі працягваліся заўсёды, хоць палякам ніколі там не было лёгка пачынаючы з савецкіх часоў, а і цяпер таксама. Яны заўсёды былі прымушаныя пераадольваць шматлікія перашкоды. Тым не менш, польскія традыцыі заўсёды працягваліся і польскасць жыла паміж людзьмі. Паводле мяне, гэта не зменіцца нягледзячы на рэпрэсіі, якія, нагадваю, закранулі не толькі палякаў, але таксама беларусаў.

«Нам патрэбная ўвага міжнароднай грамадскай думкі да нашых праблемаў і станоўчая рэакцыя польскіх уладаў на парушэнні правоў польскай меншасці», – кажа польскі дзеяч:

- У першую чаргу мы зацікаўленыя ў тым, каб праблемы палякаў у Беларусі пастаянна існавалі ў грамадскай думцы. Тэма нашых калегаў, якія зараз у вязніцах, ці якія пад следствам патрабуе агучвання і ўвагі СМІ. Неабходная таксама рэакцыя польскіх уладаў на тое, што зараз адбываецца ў Беларусі з нашумі калегамі, з польскімі месцамі памяці, польскай адукацыяй… Гаворка ідзе пра тое, каб яны патрабавалі ў беларускіх уладаў пашаны правоў польскай меншасці.

- кажа віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі.

Анна Задрожна

Польскaе МЗС асуджае акты апаганьвання магілаў польскіх жаўнераў у Беларусі

01.07.2022 10:26
Польскi бок асуджае стварэнне мясцовымі ўладамі атмасферы згоды на такую практыку і антыпольскую кампанію, якую вядуць беларускія СМІ.

Зарэмбюк: У вольнай і дэмакратычнай Беларусі мы адбудуем могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках

06.07.2022 19:02
Старшыня фонду «Беларускі дом» у Варшаве папрасіў прабачэння ў палякаў за варварства, здзейсненае службамі беларускага дыктатара.