Беларуская Служба

Родныя Рыгора Кастусёва спадзяюцца на максімальна мяккі прысуд - 8 год пазбаўлення волі

11.08.2022 18:31
Яны не вераць, што кіраўнік партыі БНФ можа быць апраўданы па так званай справе аб спробе дзяржперавароту.
             .
Суд па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» адбываецца ў адкрытым рэжыме.Фота: Радыё Свабода

З пачатку жніўня ідзе суд па так званай справе аб спробе дзяржперавароту. Цяпер суд вывучае матэрыялы справы, выклікаюць сведак. Па крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных прыцягнуты пяць чалавек: Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко сказала журналістам, што чакае жорсткі прысуд у дачыненні да мужа: «Артыкул прадугледжвае ад 8 да 12 гадоў, і я чакаю вельмі вялікі тэрмін. Вось так».

Разам з тым родныя Рыгора Кастусёва, кіраўніка партыі БНФ, спадзяюцца на мінімальны з магчымага тэрмін, а гэта 8 год зняволення, бо супраць Кастусёва няма доказаў абвінавачвання, апроч яго ўдзелу ў зум-канферэнцыях.

Вядома, што ў зняволенні ў Рыгора Кастусёва развілася анкалогія, ёсць праблемы са здароўем у Аляксандра Фядуты. Родныя Рыгора Кастусёва прысутнічаюць на працэсе, аднак кантактаваць у любой форме, нават жэстамі забаронена. Расказвае Дзмітрый Антончык, зяць Рыгора Кастусёва.

– Візуальна, канешне, бачна, што чалавек хварэе. На дадзены момант няма вострых боляў, хаця анкалогія нікуды не падзелася. Вядома, што Рыгор адзін з усіх не прызнаў віны ўвогуле. Мы вельмі хваляваліся, ці прызнае ён віну. Ведаем, што на яго ціснулі праз родных, а для яго сям’я вельмі шмат значыць.

Дзмітрый Антончык спадзяецца на максімальна мяккі прысуд для Рыгора Кастусёва. Гэта 8 год пазбаўлення волі. Рыгору Кастусёву 65 год.

У працэсе ў якасці сведкі сёння быў дапытаны блогер Раман Пратасевіч. Ён цяпер знаходзіцца, паводле яго слоў, пад хатнім арыштам.

Пратасевіч пацвердзіў, што знаёмы з Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Таксама, паводле слоў Пратасевіча, планавалася сустрэча Ціханоўскай і «змоўшчыкаў» у Маскве, Стамбуле або якім-небудзь іншым горадзе ў Еўропе.

Ён распавёў, што «змоўшчыкі» бачылі адзін варыянт звяржэння ўлады – «сілавы з удзелам ваенных».
Нагадаем, усіх абвінавачаных па справе пра захоп улады затрымалі ў красавіку 2021 года, і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні – 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама пра «раскрыццё дзяржаўнага перавароту».

Фігурантаў справы вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт.361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Фядута і Кастусёў – па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук – па ч.1 арт.342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

вх