Беларуская Служба

Чорны дзень для Еўропы – небяспечна набліжаецца пагроза ядзернай катастрофы

30.09.2022 14:42
Гаворка ідзе пра падпісанне «пагаднення» аб уваходжанні часткі акупаванай тэрыторыі Украіны, дзе праводзіліся незаконныя квазірэферэндумы, у склад РФ.
:
фота:EPA/SERGEI ILNITSKY

Багуслаў Хработа (Bogusław Chrabota) з выдання Rzeczpospolita піша пра чорны дзень для Еўропы. Свет небяспечна набліжаецца да парога канфлікту, звязанага з сусветнай вайной і ядзернай катастрофай.

Гаворка ідзе пра падпісанне «пагаднення» аб уваходжанні часткі акупаванай тэрыторыі Украіны, дзе праводзіліся незаконныя квазірэферэндумы, у склад РФ. Няма неабходнасці разважаць, з якім актам мы маем справу; гэта звычайны прыклад дзяржаўнага тэрарызму, параўнальны толькі з не менш бандыцкімі актамі нацысцкай Германіі і Савецкай Расіі напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны. Аншлюс, акупацыя Чэхаславакіі ў сакавіку 1939 г. і падзел Польшчы праз паўгода. Украінскія тэрыторыі былі захопленыя сілай. Псеўдарэферэндумы не мелі нічога агульнага са свабодным волевыяўленнем жыхароў анексаваных Расіяй тэрыторый. А тутэйшая прамаскоўская акупацыйная ўлада не мае дэмакратычнай легітымнасці.

Трыумфальную цырымонію анексіі Расіяй часткі Украіны могуць азмрочыць чарговыя паразы на фронце.

Вольны свет ніколі не прызнае вынікаў анексіі. Хоць гэты акт надоўга выключае Расію з кола цывілізацыйных краін і, магчыма, падштурхоўвае яе да яшчэ больш глыбокіх санкцый, якія нясуць надзвычайную рызыку для глабальнай бяспекі, непараўнальную ні з чым, з чым мы мелі справу ў апошнія месяцы ці нават дзесяцігоддзі. Пуцін прама заявіў, што «Расія будзе выкарыстоўваць любыя наяўныя ў яе распараджэнні сродкі, калі будзе пад пагрозай цэласнасць дзяржавы». Любыя, гэта значыць, і ядзерную зброю – кажуць эксперты. І напэўна яны маюць рацыю.

Гэта страшныя словы, якія яшчэ некалькі месяцаў таму немагчыма было ўявіць, але сёння іх трэба сказаць з поўнай адказнасцю: свет небяспечна набліжаецца да парога канфлікту, звязанага з сусветнай вайной і ядзернай катастрофай. З гэтага моманту Захад як ніколі павінен дэманстраваць рашучасць, салідарнасць і паслядоўнасць.

нг