Беларуская Служба

Распачаўся 9-ы Варшаўскі форум бяспекі

04.10.2022 14:18
Удзельнікі абмяркоўваюць пытанні бяспекі, а таксама аспекты энергетычнай бяспекі і клімату.
Аўдыё
  • Распачаўся 9-ы Варшаўскі форум бяспекі
Марыюш Блашчак PAP/Radek Pietruszka

Распачаўся 9-ы Варшаўскі форум бяспекі (WSF), арганізаваны Фондам Казімежа Пуласкага. Удзельнікі WSF абмяркоўваюць пытанні бяспекі, а таксама аспекты энергетычнай бяспекі і клімату. Гасцямі Форуму з'яўляюцца, між іншым, прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павал Солах, еўрапейскія палітыкі.

Дыскусіі падчас канферэнцыі сканцэнтраваны на некалькіх тэмах: энергетычная бяспека і клімат, абарона і ўстойлівасць дэмакратычных сістэм. Асобныя панэлі прысвечаныя глабальным пытанням, а таксама пытанню дзеянняў дзеля перамогі Украіны і пытанням Заходніх Балкан.
Экспертную панэль, прысвечаную абароне, адкрыў віцэ-прэмʼер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы. Марыюш Блашчак ацаніў, што Расія яшчэ не гатовая да дыпламатычнага спынення вайны ва Украіне.

-Нядаўнія дзеянні Крамля, у прыватнасці, безадказная рыторыка Уладзіміра Пуціна аб ядзернай зброі, абвяшчэнне мабілізацыі і правядзенне псеўдарэферэндумаў аб далучэнні акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, выклікаюць глыбокую трывогу. Гэта таксама сігнал таго, што Крэмль пакуль не гатовы да дыпламатычнага рашэння. І ён не будзе гатовы, пакуль расійскае кіраўніцтва не зразумее, што агрэсіўная палітыка контрпрадуктыўная.

Марыюш Блашчак дадаў, што Уладзімір Пуцін чакаў іншай рэакцыі на агрэсію супраць Украіны. «Замест таго, каб кінуць Украіну, як разлічвала Масква, мы аказваем ёй шырокую падтрымку – ваенную і гуманітарную», – падкрэсліў міністр.

Віцэ-прэмʼер заявіў, што агрэсія ва Украіне была галоўнай палітычнай і ваеннай мэтай Расіі на працягу многіх гадоў. Марыюш Блашчак нагадаў словы прэзідэнта Леха Качыньскага, які перасцерагаў ад пагрозы падчас расійскага ўварвання ў Грузію:

-Сёння Грузія, заўтра Украіна, паслязаўтра краіны Балтыі, а потым, магчыма, і мая краіна, могуць стаць аб’ектам расійскай атакі. Такія ацэнкі, сфармуляваныя ў нашым рэгіёне шмат гадоў таму, рэалістычныя і сёння.

Марыюш Блашчак выказаў надзею, што сёння ацэнка пагрозы ўсяму рэгіёну Цэнтральна-Усходняй Еўропы будзе ўлічана ўсімі саюзнікамі па NATO.

Міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча і ўсё NATO будуць працягваць падтрымку Украіны. Палітык адзначыў неабходнасць забеспячэння належнай абароны членаў альянсу, якія актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе Кіеву.

Віцэ-прэмʼер Марыюш Блашчак дадаў, што Украіна мае патрэбу ў павелічэнні паставак зброі, амуніцыі і навучання вайскоўцаў.

-Асабліва з улікам абʼяўленай у Расіі мабілізацыі важна захаваць належны баявы патэнцыял абаронцаў. Мы таксама цалкам адданыя забеспячэнню гуманітарнай падтрымкі Украіны, у тым ліку прыёму бежанцаў. Польшча тут адна з лідараў.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы таксама ўказаў на неабходнасць міжнароднага ціску на Расію шляхам увядзення новых санкцый і пераканання нейтральных краін разарваць кантакты з рэжымам Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым ён дадаў, што такія ж дзеянні неабходна прымяніць і ў дачыненні да Беларусі, якая, як ён заявіў, з самага пачатку падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.

Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у асобнай панэлі, прысвечанай ролі жанчын у сілавых структурах. У рамках гэтай тэмы таксама запланаваная сустрэча еўрапейскіх міністраў, у якой возьмуць удзел міністр па справах ЕС Конрад Шыманьскі, кіраўнікі МЗС Германіі, Чэхіі і Харватыі.

Значная частка ўвагі прысвечаная энергетычнай бяспецы. Падчас панэляў удзельнікі абмяркуюць такія тэмы, як дэкарбанізацыя і трансфармацыя энергіі, небяспека залежнасці ад выкапнёвага паліва, а таксама абмяркуюць ролю атамнай энергіі. У дыскусіі возьмуць удзел, між іншым, міністры энергетыкі Літвы, Эстоніі і Румыніі, а таксама генеральны дырэктар дэпартаменту энергетыкі Еўрапейскай камісіі Дзіт Юуль Ёргенсэн і ўпаўнаважаны ўрада па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Матэвуш Бергер.

Канфэрэнцыя Warsaw Security Forum – гэта штогадовае мерапрыемства, якое з 2014 года арганізуе Фонд Казімежа Пуласкага і збірае палітыкаў і экспертаў у галіне шырокага разумення бяспекі. Асаблівая ўвага ўдзельнікаў форуму ўдзяляецца пытанням эканамічнай, энергетычнай і кібербяспекі.

ав

Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы

04.10.2022 11:01
У прыватнасці, яна будзе ўдзельнічаць у дыскусіі «Жанчыны ў сістэме міжнароднай бяспекі».