Беларуская Служба

Украіне патрэбная не толькі падтрымка, але і надзея на справядлівасць

18.01.2023 10:55
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак заклікала стварыць суд «новага фармату» для пераследу Расіі.
Аўдыё
  • Украіне патрэбная не толькі падтрымка, але і надзея на справядлівасць
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі да хутчэйшага стварэння Суду па справе агрэсіі Расіі супраць Украіны. Згаданая тэма абмяркоўвалася, між іншым, падчас пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. Заўтра еўрадэпутаты павінны прыняць рэзалюцыю па гэтым пытанні.

Каб перамагчы Расію, Украіне патрэбная не толькі ваенная, фінансавая і гуманітарная падтрымка, але і надзея на справядлівасць – такія галасы прагучалі падчас дэбатаў у Еўрапарламенце.

Еўрадэпутат ад польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Анна Фатыга(Anna Fotyga) падкрэсліла, што здзяйсняльнікі ўсіх злачынстваў – ваенных, злачынстваў генацыду і злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама злачынстваў агрэсіі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

«Мы ад пачатку называем гэтае ўварванне захопніцкай вайной і таму мы прапануем стварэнне спецыяльнага суда», – заявіла былая кіраўнічка польскага Міністэрства замежных спраў:

- Неабходна стварыць спецыяльны суд для пераследу злачынстваў агрэсіі, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто прымае палітычныя і ваенныя рашэнні.

Еўрадэпутат ад апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Анджэй Галіцкі(Andrzej Halicki) дадаў, што час адыгрывае ключавую ролю:

- Давайце дзейнічаць хутка і неадкладна запусціць гэты суд, таму што гэта важны сігнал для нашай бяспекі на кантыненце, а таксама для Пуціна, што яго час заканчваецца.

У сваю чаргу камісар ЕС па пытаннях юстыцыі Дыдзье Рэйндэрс прызнаў, што хоць ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд могуць быць пераследаваны, але няма інструментаў для пераследу злачынстваў агрэсіі. Камісар запэўніў, што камісія абмяркоўвае гэтае пытанне ў рамках міжнароднай кааліцыі:

- Неабходны шырокі фронт міжнароднай падтрымкі. Гэта не толькі тэхнічнае пытанне, але юрыдычнае і складанае.

Дыдзье Рэйндэрс таксама запэўніў, што злачынствы Расіі ва Украіне не застануцца беспакаранымі:

- Мы не спынімся, пакуль Расія не выведзе свае войскі з Украіны і не даб'емся справядлівасці. Мы зробім усё, каб расіяне, якія прымаюць рашэнні, былі прыцягнутыя да адказнасці і адказалі за парушэнні міжнароднага і гуманітарнага права ва Украіне. Варварскія дзеянні Расіі толькі ўмацоўваюць нашу рашучасць дапамагчы Украіне і яе народу.

Камісар Рэйндэрс заявіў, што будзе дапамагаць уладам у Кіеве, сярод іншага, у зборы доказаў учыненых расіянамі злачынстваў.

Змест сумеснай рэзалюцыі, якая павінна быць прынятая па гэтай справе, яшчэ абмяркоўваецца, але еўрадэпутаты, у тым ліку, плануюць звярнуцца ў Еўракамісію па фінансавую і прававую дапамогу ў стварэнні міжнароднага суда, перад які павінны быць прыцягнуты ўсе вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы, вядзенні вайны супраць Украіны.

Раней, падчас візіту ў Гаазе ідэю стварэння спецыяльнага суда для пераследу расійскіх лідараў за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне падтрымала міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак. Яна заклікала стварыць суд «новага фармату», які мог бы выкарыстоўваць украінскае заканадаўства і складацца з міжнародных суддзяў.

«Наша ідэя і ідэя некаторых нашых партнёраў заключаецца ў тым, што такі суд мог бы атрымаць юрысдыкцыю з украінскага крымінальнага права», – сказала кіраўнічка нямецкай дыпламатыі падчас свайго выступу ў Гаагскай акадэміі міжнароднага права.

Бербак таксама заклікала змяніць статут Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, каб ён мог судзіць расійскіх дзяржслужачых і ваенных камандзіраў за агрэсію супраць Украіны.

«Я вітаю заклік Аналены Бербак да стварэння спецыяльнага міжнароднага суда для расследавання расійскіх ваенных злачынстваў ва Украіне», – напісаў у сацсетках кіраўнік польскага МЗС. Збігнеў Рау падкрэсліў, што пазіцыя Польшчы па справе прыцягнення вінаватых да адказнасці выразная ад пачатку жорсткай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

«Гэта выразны сігнал, што мы ўмацоўваем кааліцыю за справядлівасць», – сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Агенцтва AFP адзначае, што заклік Аналены Бербак аб стварэнні спецыяльнага суда прагучаў пасля таго, як Швецыя, якая зараз ачольвае працу ЕС, абвясціла суботні расійскі напад на жылы дом ва ўкраінскім Дняпры, ваенным злачынствам.

Паводле інфармацыі прэзідэнта Украіны, колькасць смяротных ахвяр у Дняпры склала, як мінімум, 45 чалавек, сярод якіх шасцёра дзяцей. Апрача таго, 79 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 16 дзяцей.

У цяперашні час Міжнародны крымінальны суд расследуе ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне, а яго галоўны пракурор назваў Украіну «месцам злачынстваў». Аднак Міжнародны крымінальны суд не мае юрысдыкцыі разглядаць расійскую агрэсію, паколькі Масква не з’яўляецца падпісантам Рымскай дамовы.

IAR/аз

Колькасць загінулых у выніку ракетнага абстрэлу шматпавярховага дому ў Дняпры павялічылася да 44 чалавек

17.01.2023 10:36
Расце колькасць забітых і параненых, разбурана 90 працэнтаў будынку, паведаміў кіраўнік абласной улады Валянцін Рэзнічэнка.

Сёння Еўракамісія выдзеліла Украіне 3 мільярды еўра на неадкладныя патрэбы

17.01.2023 14:05
Гэта першы транш сёлетняга фінансавага пакета ў памеры 18 мільярдаў еўра.

Алена Зяленская ў Давосе: Расія не спыніцца на акупацыі Украіны

17.01.2023 18:12
Жонка ўкраінскага прэзідэнта звярнулася ў Давосе з просьбай аб больш эфектыўнай дапамозе міжнароднай супольнасці сваёй краіне.