Беларуская Служба

Кошт шэнгенскіх віз для беларусаў можа вырасці

15.07.2019 09:11
Кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі можа вырасці з 60 да 80 еўра з 2 лютага 2020 года.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Shutterstock.com / Craig F Scott


Кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі можа вырасці з 60 да 80 еўра з 2 лютага 2020 года. Адпаведная інфармацыя апублікавана ў афіцыйным часопісе ЕС. Яе таксама пацвердзілі БЕЛТА ў прадстаўніцтве ЕС у Беларусі.

Акрамя таго, кошт віз для дзяцей ва ўзросце ад шасці да 12 гадоў стане 40 еўра, цяпер гэты збор складае 35 еўра.

Разам з тым змяненні ў візавых правілах маюць шэраг плюсоў для падарожнікаў, асабліва тых, хто часта наведвае краіны, што ўваходзяць у Шэнгенскае пагадненне.

У іх ліку з'явіцца магчымасць падаваць заяўку на атрыманне візы за паўгода да даты запланаванай паездкі замест цяперашніх трох месяцаў.

Акрамя таго, з'яўляюцца выразныя крытэрыі для атрымання шматразовых віз максімальнай працягласцю да 5 гадоў. Скарыстацца такой магчымасцю змогуць тыя, хто неаднаразова атрымліваў візы на меншы тэрмін і законна іх выкарыстаў. Аднак грамадзян Беларусі змяненні ў частцы кошту віз могуць і не закрануць, паколькі апошнія гады бакамі вялася работа над пагадненнямі з ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

"Работа над гэтымі пагадненнямі практычна завершана. Проста для таго, каб падысці да фінальнай стадыі падпісання, павінна быць пройдзена адпаведная працэдура і ўнутры Еўрапейскага саюза, і ў нас ўнутры краіны. Павінны быць прааналізаваны і ўзважаны ўсе моманты, якія, магчыма, насцярожваюць бакі. Я ўпэўнены, што мы зможам завяршыць гэту работу ў бліжэйшы час", - заяўляў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 14 мая ў Бруселі на палях канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды дзесяцігоддзя ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства".

У выпадку падпісання адпаведных дакументаў і іх уступлення ў сілу да 2 лютага 2020 года кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі знізіцца з цяперашніх 60 да 35 еўра. Прадугледжаны і шэраг іншых паслабленняў.

Адказваючы на пытанне, ці паспеюць бакі заключыць пагадненні да моманту падаражання шэнгенскай візы, Уладзімір Макей падкрэсліў, што ўсе бакі спакойна рухаюцца ў гэтым напрамку. "Мы абавязкова паспеем", - запэўніваў у маі кіраўнік МЗС Беларусі.

аз