Беларуская Служба

Акадэміі навук Беларусі і Польшчы створаць савет па пытаннях захавання Белавежскай пушчы

22.08.2019 11:07
Міжакадэмічны савет у першую чаргу зоймецца пытаннямі захавання флоры і фаўны Белавежскай пушчы, а таксама праблемамі змены клімату.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:1966666 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Польская акадэмія навук створаць міжакадэмічных савет, які будзе вырашаць праблемы захавання Белавежскай пушчы і экалогіі. Пра гэта на пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з Польскай акадэміяй навук паведаміў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу НАН.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Польскай акадэміі навук на чале з яе старшынём Ежы Душыньскім (Jerzy Duszyński). Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву з Польшчай - краінай са значным навуковым і эканамічным патэнцыялам, з якой у Беларусі склаліся трывалыя адносіны ва ўсіх сферах, у тым ліку і навукова-тэхнічнай. Стварэнне сумеснага пастаянна дзеючага органа дазволіць аператыўна вырашаць бягучыя і актуальныя праблемы.

Вучоныя НАН Беларусі і Польскай акадэміі навук разам прымаюць удзел у міжнародных выставах навукова-тэхнічных дасягненняў, рэгулярна праводзяцца міжнародныя форумы і канферэнцыі. Навукоўцамі рэалізуюць важныя для эканомікі Польшчы і Беларусі сумесныя навукова-тэхнічныя праекты. „Аднак патэнцыял вучоных дзвюх краін не рэалізаваны ў поўнай меры”, - лічыць старшыня Прэзідыума НАН.

У сваю чаргу прэзідэнт Польскай акадэміі навук падкрэсліў, што кантакты з навуковымі арганізацыямі Беларусі з'яўляюцца прыярытэтнымі для даследчыкаў. Сёння актуальна рашэнне агульных праблем, якія стаяць перад краінамі. І ў першую чаргу гэта тычыцца захавання Белавежскай пушчы, якая з'яўляецца нацыянальным здабыткам Беларусі і Польшчы. Важнае значэнне таксама надаецца праблемах змены клімату.

Па выніках пасяджэння прынята рашэнне, што міжакадэмічных савет НАН Беларусі і ПАН у першую чаргу зоймецца пытаннямі захавання флоры і фаўны Белавежскай пушчы, а таксама праблемамі змены клімату. У далейшым будуць вырашацца і іншыя праблемы, рашэнне якіх паслужыць далейшаму пашырэнню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж польскімі і беларускімі навуковымі арганізацыямі.

На пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі кіраўнікі дзвюх акадэмій адзначылі значны патэнцыял для развіцця кааперацыі ў розных галінах навукі, абмеркавалі ініцыяванне і рэалізацыю беларуска-польскіх праектаў па рамачнай праграме ЕС па навуцы і інавацыях „Гарызонт 2020” і мэтазгоднасць правядзення штогадовых сумесных мерапрыемстваў.

Візіт у НАН Беларусі дэлегацыі Польскай акадэміі навук праходзіць 20-23 жніўня. Галоўная яго мэта - удзел у пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі „Аб перспектыўных напрамках і механізмах развіцця супрацоўніцтва з Польскай акадэміяй навук”, правядзенне перамоваў з кіраўніцтвам НАН.

Члены дэлегацыі таксама азнаёміліся з экспазіцыяй музея гісторыі НАН, пастаянна дзеючай выставай „Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”, правялі перамовы з кіраўніцтвам беларускай акадэміі. 22-23 жніўня госці з Польшчы наведаюць шэраг навуковых арганізацый НАН: Інстытут генетыкі і цыталогіі, Цэнтральны батанічны сад, Інстытут біяарганічнай хіміі.

аз