Беларуская Служба

Белстат заклікае не даваць звестак па тэлефоне падчас перапісу

11.09.2019 18:23
Перапіс насельніцтва ў Беларусі пройдзе з 4 па 30 кастрычніка бягучага года.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/BABAROGA

Перапіс насельніцтва па тэлефоне праводзіцца не будзе, заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Пра гэта паведамляе Радыё «Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.

«Хачу папярэдзіць усіх. Ні ў якім разе не давайце інфармацыю па тэлефоне», – сказала яна. Мядзведзева адзначыла, што ў 2017 годзе, калі праводзіўся пробны перапіс насельніцтва, невядомыя званілі і спрабавалі атрымаць у грамадзян персанальную інфармацыю. «Белстат па тэлефоне перапіс насельніцтва не праводзіць», – падкрэсліла Мядзведзева. Тым, хто тэлефануе і прапаноўвае прайсці перапіс насельніцтва, дадала яна, адказваць не варта, каб потым персанальныя дадзеныя не патрапілі ў рукі нядобрасумленных грамадзян. «Яны потым прапаноўваюць то крэдыт узяць, то мабільны тэлефон купіць», – патлумачыла Мядзведзева.

Яна паведаміла, што грамадзяне могуць прыняць удзел у перапісе насельніцтва трыма спосабамі: шляхам удзелу ў інтэрнэт-перапісе, з дапамогай наведвання стацыянарнага ўчастка або прыняўшы перапісчыкаў дома.
Кіраўнік Белстата таксама расказала, як адрозніць сапраўдных перапісчыкаў ад махляроў. «Пры сабе перапісчык павінен абавязкова мець пасведчанне, планшэт і сумку з лагатыпам перапісу, – сказала Мядзведзева. – Калі прыходзіць перапісчык, абавязкова трэба запатрабаваць пашпарт і зверыць пасведчанне з пашпартам. Калі ўсё ж такі вы сумняваецеся, вы можаце патэлефанаваць у наш кол-цэнтр і ўдакладніць дадзеныя аб перапісчыку».

Паводле яе слоў, у выпадку ўзнікнення інцыдэнтаў будуць прыцягвацца органы ўнутраных спраў.
«Яны вядуць працу аб папярэджанні дзейнасці лжэперапісчыкаў і разам з намі будуць гэтыя факты адсочваць», – дадала Мядзведзева.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Гэта будзе трэці перапіс з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці (папярэднія праводзіліся ў 1999 і 2009 гадах).

вс