Беларуская Служба

Расія забараняе ялавічыну і фарэль з беларускіх прадпрыемстваў

16.10.2019 17:20
Санкцыі ўведзеныя з-за выяўленых у ялавічыне і фарэлі бактэрый роду Listeria monocytogenes.
Ілюстрацыйны здымакpixabay

Ялавічыну вытворчасці кампаніі «Мергард» і фарэль з «фарэлевай гаспадаркі «Лохва», забаронена ўвозіць у РФ. Аб гэтым паведамляецца на сайце Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе - піша БДГ.

Санкцыі ўведзеныя з-за выяўленых у ялавічыне і фарэлі бактэрый роду Listeria monocytogenes. Акрамя таго, ведамствам уведзены рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю прадукцыі ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» і ТАА СП «Санта Брэмар». У прадуктах гэтых вытворцаў выявілі парушэнні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў ЕАЭС.

Нагадаем, 14 лютага Беларусь і Расія падпісалі дарожную карту па зняцці абмежаванняў на пастаўкі ў РФ беларускай прадукцыі. Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт і намміністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Смільгінь правялі сустрэчу ў Маскве, дзе прыйшлі да пагаднення аб тым, што трэба скласці дакладны і зразумелы план механізму рэгулявання транзіту сельгаспрадукцыі па тэрыторыях краін – членаў ЕАЭС.

Сітуацыяй з пастаўкамі ў Расію беларускай прадукцыі вельмі незадаволены Аляксандр Лукашэнка, які неаднаразова выказваўся з гэтай нагоды. 16 траўня, прызначаючы новых кіраўнікоў, прэзідэнт заявіў, што, нягледзячы на дамоўленасці з Расіяй, праблемы з экспартам маюць месца. На яго думку, Беларусі трэба шукаць новыя варыянты імпартазамяшчэння, таму што «Расея паводзіць сябе незразумелым чынам».

15 траўня на сумесным пасяджэнні калегій Мінсельгасхарча Беларусі і Мінсельгаса Расіі, міністр сельскай гаспадаркі Расіі Дзмітрый Патрушаў выказаўся за захаванне раней дасягнутых дамоўленасцяў па пастаўках беларускай прадукцыі ў РФ.

11 красавіка Лукашэнка падчас нарады з эканамічным блокам урада і параўнаў з санкцыямі шматлікія абмежаванні, якія ўводзіць Расія апошнім часам у дачыненні да беларускай прадукцыі. «Нам выкручваюць рукі», – заявіў прэзідэнт.

Напярэдадні гэтай заявы Рассельгаснагляд раскрытыкаваў якасць беларускай прадукцыі шэрагу вытворцаў і выказаў занепакоенасць выпадкамі паступлення ў РФ з Беларусі няякаснай прадукцыі.

нг