Беларуская Служба

У Беларусі цішком праводзяць каранцін

31.03.2020 15:35
Мінздароўя прыпыніла прафагляды ў паліклініках да 20 красавіка.
Здымак мае ілюстрацыйны характарDEAN LEWINS Dostawca: PAP/EPA.

Нягледзячы на тое, што эпідэмічны стан у краіне не абвешчаны, многія міністэрствы і ведамствы цішком рэалізуюць дэ-факта каранцінныя меры, піша газета «Наша Ніва».

Так, Міністэрства аховы здароўя сваім загадам № 344 ад 26 сакавіка спыніла правядзення прафаглядаў у паліклініках. Прафагляды не будуць праводзіцца з 30 сакавіка да 20 красавіка. Адпаведныя абвесткі зʼявіліся ва ўсіх паліклініках Беларусі.

Многія тэатры адмянілі спектаклі, а іншыя пачалі трансляваць іх анлайн, каб зменшыць колькасць наведнікаў у залах. Адмяніў планаваныя экскурсіі і лекцыі Нацыянальны мастацкі музей краіны.

На «прафілактыку» на красавік зачыніўся Мінскі аквапарк – найбольшы ў краіне. Мінскі метрапалітэн паведаміў, што колькасць пасажыраў у сакавіку паменшала на чвэрць.

Мы назіраем рэдкі выпадак, калі многія структуры дзейнічаюць фактычна ўразрэз з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, які некалькі разоў называў каранавірус «псіхозам».

юл