Беларуская Служба

Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў заклікалі вызваліць рэдактара «Ежедневника»

01.04.2020 17:09
Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка.
.    .
Турма. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў (EFJ/IFJ) далучыліся да заявы Беларускай асацыяцыі журналістаў і заклікалі неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука і зняць усе абвінавачанні супраць яго, паведамляе Свабода.

«Сяргей Сацук мусіць быць вызвалены неадкладна. Мы падтрымліваем яго і ўсіх журналістаў у Беларусі, якія сталі аб’ектам рэпрэсіўнай палітыкі Беларусі ў галіне свабоды СМІ. Мы чакаем рэакцыі з боку Еўрапейскага Звязу», — заявілі Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (EFJ/IFJ).

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Мінскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазней стала вядома, што ў дачыненні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымагання, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі).

Цяпер журналіст знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакументацыю, супрацоўнікаў выдання дапыталі ў якасці сведак у справе.

У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакументы і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і планшэт.

Родныя і калегі Сацука звязваюць ягонае затрыманне з прафэсійнай дзейнасцю. «Еўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрымання.

ав