Беларуская Служба

Беларусь і МВФ не могуць дамовіцца пра каранавірусны крэдыт

10.07.2020 16:07
Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян: Да гэтага часу не можам прыйсці да пагаднення ў некаторых пытаннях.
Доларыpasja1000/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы з беларускімі ўладамі аб пазыцы ў памеры 940 млн долараў на барацьбу з каранавірусам. Але захоўваецца шэраг рознагалоссяў, заявіў агенцтву „Інтэрфакс” кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян.

„Мы працягваем абмеркаванне ўмоваў выдзялення Беларусі хуткага фінансавання, але да гэтага часу не можам прыйсці да пагаднення ў некаторых пытаннях”, - канстатаваў Жак Міньян.

Адказваючы на пытанне пра захады беларускага боку ва ўмовах цяперашняга эпідэмічнага становішча, суразмоўца агенцтва адзначыў, што падыходы ўладаў не адпавядаюць існым выклікам, паведамляе „Свабода”.

Беларусь у пачатку красавіка з’вярнулася ў МВФ з просьбай аб выдзяленні 940 млн долараў на барацьбу з распаўсюдам каранавірусу.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня заявіў, што краіна не будзе выконваць патрабаванняў МВФ. Ён заявіў, што дадатковыя ўмовы, якія ня тычацца фінансавай часткі пагаднення, непрымальныя.

„З’яўляюцца патрабаванні: вы, маўляў, у барацьбе з каранавірусам у Беларусі рабіце, як у Італіі. А я не хачу, каб у Беларусі паўтарылася, як у Італіі. У нас свая краіна і свая сітуацыя”, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што ні пад кога скакаць не збіраецца.

аз