Беларуская Служба

МУС: міліцыянты паказалі «вытрымку і высокі прафесіяналізм»

15.07.2020 12:07
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі патлумачыла разгоны ў розных гарадах 14 ліпеня.
Аўдыё

«Праігнараваўшы папярэджанне праваахоўных органаў аб недапушчальнасці парушэння грамадскага парадку, некаторыя грамадзяне, на жаль, паддаліся ўплыву інтэрнэт-правакатараў. Гэта прывяло да пэўных негатыўных наступстваў», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Парушэнні грамадскага парадку зафіксаваныя ў шэрагу гарадоў, піша МУС, затрымалі больш за 250 чалавек, у тым ліку кіроўцаў і веласіпедыстаў, за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама за невыкананне правілаў дарожнага руху.

Частку затрыманых пасля складання адміністрацыйных пратаколаў і правядзення прафілактычных гутарак адпусцілі, іншых змясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, асабліва АМАПу і ДАІ, МУС характарызуе як «зладжаныя і дакладныя», міліцыянты паказалі «вытрымку і высокі прафесіяналізм», канстатуе ведамства, адзначаючы, што забяспечыць парадак – гэта ня права, а абавязак супрацоўніка міліцыі.

яс/svaboda.org