Беларуская Служба

94 члавекі затрыманыя падчас пратэстаў у Маладзечне (ФОТА/ВІДЭА)

11.08.2020 16:31
У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты.
     .
У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты. Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета»

Учора «Рэгіянальная газета» вяла тэкставы анлайн з Цэнтральнай плошчы і бліжэйшых вуліц у Маладзечне, дзе праходзілі паслявыбарчыя пратэсты.  

Прапануем прыгадаць храналогію падзей учарашняга вечара і ночы:

Пасля шасці вечара 10 жніўня на плошчы ў Маладзечне няшмат людзей. Плошчу і парк патрулявалі міліцыянеры і вайскоўцы з сабакамі. На плошчы яны падыходзяць да людзей, правяраюць сумкі.

Каля 19:30 пачаліся затрыманні. Людзі пачалі ісці ў бок месца, дзе адбыліся затрыманні. Вайскоўцы і міліцыянеры пабеглі разганяць людзей на Брадвеі.

Каля 19.40 каля сотні людзей усталі перад АМАПам на калені, кажуць «Мы з мірам». А іх выцягваюць па аднаму і затрымліваюць. Каля 19:50 пратэстоўцы звяртаюцца да АМАП: «Чаму ў іншых гарадах амапаўцы склалі перад людзьмі шчыты. А вы не?»

Каля 19:55 людзей становіцца больш. Усе стаяць на каленях перад шчытамі. Некаторыя заклікаюць АМАП да сумлення. АМАП у адказ: «Грамадзяне, разыходзьцеся! Дадзенае мерапрыемства несанкцыянаванае!»

У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты.  Аўтар здымка: Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета». У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты. Аўтар здымка: Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета».

Каля 20:00 першая хваля затрыманняў скончылася. На каленях засталося стаяць некалькі чалавек. Астатнія сабраліся ў групу. Колькасць людзей павялічалася пасля першых затрыманняў.

Каля 20:20 пачалася другая хваля затрыманняў. АМАП хапае людзей і жорстка збівае. Пад’ехала «хуткая» кагосьці занеслі ў яе на насілках. Верагодна, гэта вайсковец, які ляжаў на плошчы пасля таго як шарэнга вайскоўцаў сутыкнулася з людзьмі. Усяго стаіць тры «хуткая».

Каля 20:50 людзі, якія выпадкова аказаліся на плошчы, з-за перакрытай дарогі не могуць трапіць на вакзал. Пратэстоўцы скандуюць «Міліцыя з народам!», «Лукашэнка, ухадзі!», просяць АМАП скласці шчыты. АМАП пачаў зачыстку пляцоўкі ля парку, людзі пабеглі ў розныя бакі.

21:00 – АМАП размеркаваўся па розных кутках парка. Пагражаюць журналістам. Каля шостай гімназіі і на скрыжаванні каля «Елгавы» – вялікія заторы.

У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты.  Аўтар здымка: Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета». У Маладзечне таксама прайшлі паслявыбарчыя пратэсты. Аўтар здымка: Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета».

Каля 21:40 – людзі з пад’ездаў бліжэйшых дамоў запрашаюць пратэстоўцаў хавацца.

Каля 22:00 – затор расцягнуўся ад шостай гімназіі да крамы «Рублёўскі». Машыны і аўтобус сігналяць у знак салідарнасці. Амапаўцы дасталі зброю і ўжо стралялі на скрыжаванні Вялікі Гасцінец-Багдана Хмяльніцкага.

22:15 – машына ДАІ перакрыла скрыжаванне каля крамы «Рублёўскі». Людзі ругаюцца з ДАІ. Работнік ДАІ дастае зброю. Людзі скандуюць «Пакладзі аўтамат! ».  Людзі крычаць ДАІ “з’язджай!”. Машына з’ехала, пратэстоўцы заапладзіравалі.

22:20 – у двары на лаўцы ляжыць мужчына. Яму выклікалі «хуткую». Людзі не могуць пацвердзіць, ці быў ён сярод пратэстоўцаў.

Каля 22:35 амапаўцы прыцягнулі некалькі чалавек, паклалі на зямлю каля дома 64, што на Вялікім Гасцінцы, і сталі моцна збіваць. Побач стаіць начальнік Маладзечанскага РАУС.

Каля 22:50 машына збіла чалавека, верагодна пратэстоўца. Яго шпіталізавалі.

Каля 23:00 асноўная частка людзей перамясцілася на скрыжаванне Вялікі Гасцінец-Касманаўтаў. Некалькі сведак пацвердзілі, што на Касманаўтаў, каля бара «Блэк фокс» узарвалі светла-шумавую гранату.

23:30 – людзі рушылі ў цэнтр. Па словах сведак, там стаіць аўтазак. Прыкладна ў дванаццаць гадзін ночы асноўная частка супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў з’ехалі з цэнтру горада. Пратэстоўцаў на вуліцах Маладзечна не бачна.

Паводле розных крыніцаў інфармацыі, падчас пратэсту ў Маладзечне былі затрыманыя 94 чалавекі.

Аўтар здымкаў: Настасся Уткіна «Рэгіянальная газета»