Беларуская Служба

Дактары з Медуніверсітэта ўсталі ланцугом каля метро Пятроўшчына

13.08.2020 09:02
Кіраўнік Мінздароўя, з якім яны не захацелі размаўляць, назваў акцыю «зрэжысаваным мерапрыемствам».
     ,  .
Медыкі Медуніверсітэта прастаялі ў ланцугу гадзіну, паабяцалі вярнуцца.PAP/EPA/YAUHEN YERCHAK

Супрацоўнікі Медыцынскага ўніверсітэта ў белых халатах учора выйшлі да метро Пятроўшчына ў Мінску, паведамляе «Наша Ніва».

Каля БДМУ сабралося шмат студэнтаў, дактароў. Дзіцячых, рэаніматолагаў, хірургаў. Яны паведамілі, што прыйшлі на мірную акцыю, каб выказаць сваё «супраць» гвалту.

Яны стаялі роўна насупраць ланцуга салідарнасці са звычайных людзей з іншага боку дарогі.

Да пратэстуючых медыкаў да Медуніверсітэта прыехаў міністр Уладзімір Каранік. Яны адмовіліся ісці ў Медуніверсітэт за ім.

Пасля гэтага тэлеграм Мінздароўя Беларусі змясціла каментар міністра.

«Сумна бачыць, як выразна зрэжысаванае мерапрыемства спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю пратэсту медыкаў. Крыўдна разумець, што нашых калегаў выкарыстоўваюць для стварэння карцінкі і правакавання сілавога адказу прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. Дзіўна ўсведамляць, што людзі, якія выступаюць супраць гвалту, адмаўляюцца размаўляць і вырашаць праблемы. Бо ўменне размаўляць і чуць — галоўны метад прафілактыкі гвалту», - падсумаваў міністр.

Медыкі Медуніверсітэта прастаялі ў ланцугу гадзіну, паабяцалі вярнуцца сёння.

аз