Беларуская Служба

У Гродне ў дзень інаўгурацыі прайшлі дробныя акцыі пратэсту

24.09.2020 10:03
Акцыі пратэсту ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі адбыліся ў некалькіх мікрараёнах Гродна.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STR Dostawca: PAP/EPA.

Усе яны былі малалікія, колькасць затрыманых пакуль невядомая.

Спробы сабрацца на акцыі пратэсту ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі гродзенцы пачалі рабіць напрыканцы працоўнага дня.

Побач з абласной філармоніяй сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. У гэты ж час група людзей больш за 50 чалавек сабралася каля гандлёвага цэнтра «Карона».

Людзі слухалі музыку, перыядычна выкрыквалі лозунгі. АМАП патрабаваў разысціся. Тут адбыліся затрыманні, праўда, канкрэтная колькасць затрыманых невядомая.

Невялікія акцыі пратэстаў адбываліся ў мікрараёнах «Альшанка», на Бульвары Ленінскага камсамолу перакрылі  дарогу.

Гродзенскі актывіст Вадзім Саранчукоў лічыць, што ўчорашнія акцыі варта ацэньваць не па колькасці ўдзельнікаў, а па геаграфічнаму ахопу і па атмасферы, якая на іх панавала.

- Таямнічасць, у якой адбылася працэдура інаўгурацыі і арганізаванасць сілавікоў адыгралі пэўную ролю. Але мне падаецца, што тыя змены, якія наспелі ў Беларусі, ужо незваротныя.

Паводле яго, супрацьстаянне будзе толькі нарастаць.

Алесь Завіноўскі