Беларуская Служба

Адвакатку Людмілу Казак аштрафавалі на 675 рублёў

25.09.2020 19:45
Адвакатку Марыі Калеснікавай палічылі вінаватай у непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў.
Людміла Казакфота: tut.by

Суддзя Аляксандр Рудэнка прызначыў пакаранне адвакату Марыі Калеснікавай Людміле Казак у выглядзе штрафу ў 675 рублёў за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў), перадае карэспандэнт TUT.BY.

Пачаткова супраць адвакаткі былі высунутыя два абвінавачанні. Акрамя непадпарадкавання, гэта быў удзел у несанкцыянаваных акцыях.

Учора Людмілу Казак затрымалі функцыянеры праваахоўных органаў, але яны не прадставіліся і на пытанні, чаму яе садзяць у аўтамабіль, не адказвалі. Адвакатка падумала, што гэта можа быць выкраданне, падобнае да выкрадання яе кліенткі Марыі Калеснікавай, і спрабавала вырвацца. Гэта было расцэненая як непадпарадкаванне праваахоўным органам.

У сваю чаргу адвакат Максім Знак, супрацоўнік Марыі Калеснікавай, ужо восьмы дзень галадае ў арышце. Яго адвакаты звярнуліся з адмысловым відэазваротам, у якім тлумачаць, што Максім Знак – выдатны юрыст, які не парушаў ніякіх законаў. Яго абвінавачваюць па артыкуле 361 Крымінальнага кодэксу – публічныя заклікі да дзейнасці супраць нацыянальнай бяспекі. Але ніхто не паведамляе, якія гэта выказванні Знака. Адвакаты адзначаюць, што ўсе выказванні Максіма Знака пра правы з’яўляюцца законнымі:

-Такім чынам адваката пераследуюць за выказванні па прававых пытаннях. Але калі адвакат рызыкуе апынуцца ў СІЗА за тое, што крытыкуе дзяржаўныя органы і гаворыць пра правы? То як абараняць інтарэсы кліента? А на месцы кліента можа быць кожны з вас. Таму сітуацыя тычыцца кожнага.

Максім Знак быў затрыманы 9 верасня і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. У знак нязгоды з абвінавачваннямі адвакат абвясціў галадоўку.

ав