Беларуская Служба

Гродзенскага актывіста асудзілі праз тры месяцы пасля правапарушэння

25.11.2020 10:44
Верамеенку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 19-га жніўня.
Аўдыё
  • Гродзенскага актывіста асудзілі праз тры месяцы пасля правапарушэння
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Гродзенскага актывіста Сяргея Верамеенку асудзілі на 5 сутак арышту па адміністрацыйнай справе нягледзячы на тое, што тэрмін даўнасці па ёй скончыўся.

Верамеенку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 19-га жніўня.

Ён знаходзіўся тады сярод людзей, якія прыйшлі да тытунёвай фабрыкі, каб падтрымаць рабочых, якія прымалі рашэнне аб страйку.

У судзе патлумачылі, што тэрмін даўніны для адміністрацыйнай справы над Верамеенкам не скончыўся з тае прычыны, што быў перапынены бо, маўляў, Верамеенка пэўны час знаходзіўся на бальнічным і суд гэта ўлічыў.

Сам Верамеенка лічыць, што яго асудзілі па надуманых прычынах, каб пакараць за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Паводле яго, міліцыянер, якія сведчыў у судзе па-сутнасці справы нічога не сказаў, але і гэтага было дастаткова.

«Русак (сведка) сказаў, што на гэтым мерапрыемстве знаходзіўся я і што ён ведае мяне, як прадпрымальніка, які прадае нацыянальную сімволіку».

З рашэннем суда Верамеенка не пагадзіўся і будзе абскарджваць яго.

Алесь Завіноўскі, Гродна