Беларуская Служба

Каталіцкія біскупы заклікалі забяспечыць павагу да правоў чалавека

25.11.2020 17:57
Каталіцкія біскупы Беларусі кіруюць зварот да католікаў і ўсіх людзей добрай волі ў сувязі з паглыбленнем грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.
Біскупы БеларусіФота Аляксандры Шчыглінскай/catholic.by

«Каталіцкі Касцёл, кіруючыся Евангеллем і пабудаваным на ім сацыяльным вучэннем, выказваецца супраць насілля, беззаконня, несправядлівасці і няпраўды і асуджае іх. Касцёл заклікае да мірнага вырашэння ўзніклых праблем шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў», – пра гэта гаворыцца ў звароце каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Іерархі адзначаюць, што насілле не спыняецца, надалей праліваецца кроў, грамадства падзелена. «Гэта не прадвяшчае нам шчаслівай будучыні, бо, як казаў Хрыстус, дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць (пар. Мц 12, 25)».

«Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту Папы Францішка, скіраванага ім пасля малітвы «Анёл Панскі» 13 верасня 2020 г. да дзяржаўных уладаў. У ім Пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскай свабоды.

Пры гэтым мы хочам падкрэсліць, што галоўная мэта Касцёла – абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу. Таму Касцёл не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах».

Біскупы звярнуліся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам працягваць узносіць свае малітвы ў інтэнцыі хуткага і мірнага вырашэння крызісу.

ав