Беларуская Служба

Дырэктара Магілёўскага драматычнага тэатру Андрэя Новікава вызвалілі з пасады

25.11.2020 19:31
Сапраўднай прычынай скасавання кантракту называюць тое, што Андрэй Новікаў адмовіўся звальняць затрыманых на пратэстах супрацоўнікаў тэатру.
.
.geralt/pixabay.com/CC0

Дырэктара Магілёўскага драматычнага тэатру Андрэя Новікава вызвалілі з пасады з 25 лістапада ў звязку са скасаваннем кантракта. Пра гэта паведамляецца на старонцы калектыву ў Facebook. Супрацоўнікі тэатру не згодныя з такім рашэннем, лічаць яго палітычным і звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі. Сапраўднай прычынай скасавання кантракту называюць тое, што Андрэй Новікаў адмовіўся звальняць затрыманых на пратэстах супрацоўнікаў тэатру, паведамляе Белсат.

Андрэй Новікаў кіраваў тэатрам 20 гадоў. «За гэты час быў створаны моцны, згуртаваны, паспяховы творчы калектыў, які ярка заявіў пра сябе ў рэспубліканскай і міжнароднай тэатральнай прасторы», – гаворыцца ў паведамленні тэатру.

Па выніках працы за 2017 год Магілёўскі абласны драматычны тэатр занесены на Рэспубліканскую дошку Пашаны за дасягненне найлепшых паказнікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацыяў культуры.

Усе гэта не перашкодзіла кіраўніцтву вызваліць Новікава ад пасады «у звязку з тым, што той палічыў непрымальным для сябе звальняць сваіх супрацоўнікаў па неабгрунтаваных і незаконных прычынах», – напісана ў заяве тэатру.

Калектыў тэатру лічыць рашэнне пра звальненне кіраўніка неабгрунтаваным і несправядлівым. Ён скіраваў у адрас Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту калектыўны зварот, у якім просіць не вызваляць ад занятай пасады дырэктара тэатру Андрэя Новікава. Калі дадзеная просьба не будзе здаволена, калектыў пакідае за сабой права звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.

ав