Беларуская Служба

Абвастраецца сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы

05.08.2021 12:21
За апошнія суткі літоўскія памежнікі не пусцілі  ў краіну больш за 300 нелегалаў. Лукашэнка ў адказ загадаў зачыніць беларускую мяжу.
Ілюстрацыйны здымакEPA/TOMS KALNINS Dostawca: PAP/EPA.

За сераду літоўскія памежнікі затрымалі 19 нелегальных мігрантаў, вярнулі назад у Беларусь — больш за 300 чалавек. Гэта найменшая колькасць затрыманых з 29 ліпеня. Колькасць затрыманых мігрантаў пачала зніжацца пасля рашэння міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце, якое дазволіла памежнікам разварочваць мігрантаў і вяртаць іх у Беларусь.

У сваю чаргу сёння Лукашэнка загадаў беларускім памежнікам не ўпускаць назад у Беларусь мігрантаў, якія прылятаюць з Іраку па арганізаванай беларускімі ўладамі схеме.

- З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, хай гэта будзе з поўдня ці з захаду, ступіць не павінна.

Гэта можа прывесці да яшчэ большага напружання ў адносінах Беларусі ды Літвы. Нельга выключыць нават узброенай канфрантацыі, кажа палітолаг Павал Усаў.

- Гэта на мяжы вайны. Лукашэнка сам стварыў праблему, якую цяпер намагаецца вырашыць яшчэ больш абсурднымі рашэннямі. Колькасць завезеных мігрантаў у Беларусі вельмі вялікая, гэта стварае праблему бяспекі для самога рэжыму. Літоўскі бок зрабіў адпаведны крок у адказ на дзеянні беларускіх уладаў – перастаў прымаць нелегалаў. Цяпер магчыма канфрантацыя, калі ўзяць пад увагу ўчарашнія заявы Мінска пра смерць іракскага ўцекача пасля вяртання з Літвы. Гэта ідэалагічнае афармленне далейшых правакацый на мяжы з Літвой.

Іракскія ўлады заявілі пра прыпыненне палётаў у Беларусь. Сёння а 13-й у Мінск мусіў прыляцець самалёт з Багдада, але на табло аэрапорту не паведамляецца статус рэйсу. Таксама няма інфармацыі пра самалёт і ў Flightradar, што можа азначыць, што лятак нават не падняўся ў паветра.

юл