Беларуская Служба

Экс-кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку запрасілі 2,5 гады пазбаўлення волі

11.05.2022 09:24
Абвінавачанне папрасіла прызнаць яго вінаватым ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Віктар Фянчук Крыніца: СТБ

Экс-кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку запрасілі 2,5 гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту, паведамляе «Вясна».

Абвінавачанне папрасіла прызнаць яго вінаватым ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле звестак праваабаронцаў, на судзе пракурор сказаў, што «такія дзеянні чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя».

Таксама стала вядома, што падчас ператрусу сілавікі канфіскавалі ў Фенчука кубак з надпісам: «для гарбаты з малінавым варэннем».

Нагадаем, 31 жніўня сілавікі прыйшлі з ператрусам у офіс найстарэйшай прыродаахоўнай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Неўзабаве быў затрыманы і яе экс-кіраўнік Віктар Фянчук. Ён атрымаў 12 сутак адміністратыўнага арышту.

Віктар Фянчук раней узначальваў арганізацыю. 8 лістапада яго затрымлівалі за ўдзел у маршы ў Мінску. Тады ён атрымаў 15 сутак арышту.

У 2014 годзе Фянчук пераехаў у Брэсцкую вобласць, жыў на ўскраіне Белавежскай Пушчы, удзельнічаў у праграме ў падтрымку запаведнасці, якую ажыццяўляюць «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Нацыянальны парк «Белавежская Пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія).

ав/zerkalo.io