Беларуская Служба

У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984»

18.05.2022 15:32
У Савецкім Саюзе і іншых таталітарных дзяржавах Усходняй Еўропы кніга была забароненая да 1987 года.
   1984
Антыутопія Джорджа Оруэла «1984фота: «Наша Ніва»

У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984». «Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 мая», – гаворыцца ў распараджэнні.

Антыутопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці, ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і некрытычнага падпарадкавання ўладам. Нават мову змяніла навамоўе. «Вайна – гэта мір», «свабода – гэта рабства» і «Вялікі Брат сочыць за табой», – гэтыя выразы з рамана сталі афарызмамі.

У Савецкім Саюзе і іншых таталітарных дзяржавах Усходняй Еўропы кніга была забароненая да 1987 года.

На беларускую мову раман у 1992 годзе пераклаў выбітны перакладчык Сяргей Шупа, тады і выйшла першае выданне. У 2020-м раман быў перавыдадзены выдавецтвам «Янушкевіч». А ў 2021-м выйшаў дадатковы наклад твора. Ëн стаў лідарам продажаў у шматлікіх кнігарнях.

У дзяржаўнай сетцы «Белкніга» ён трымаўся на 4-м месцы ў спісе бестселераў. Рэдкі выпадак для кнігі, якая ўпершыню выйшла шмат дзесяцігоддзяў таму. І адлюстраванне таго, як народ успрымае працэсы, што адбываюцца ў краіне.

Пазаўчора, 16 мая, палітычная паліцыя ГУБАЗіК затрымала выдаўца Андрэя Янушкевіча. Гэтаму папярэднічала стварэнне заказных рэпартажаў з фальсіфікаванымі фактамі ў ТГ-каналах прапагандыстаў Азаронка і Гладкай, якія выкарыстоўваюцца спецслужбамі для апраўдання пагромаў. У рэпартажах пра рэйд у новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка» аператары спецслужбаў акцэнтавалі ўвагу на паліцы з кнігай «1984».

«Наша Ніва» мае копію распараджэння аб забароне продажу кнігі. «Мы яе не публікуем з меркаванняў бяспекі людзей, якія нам яе перадалі», – інфармуе выданне.

вс