Беларуская Служба

Жазэп Барэль: Мы не забудзем ахвяр рэжыму Лукашэнкі і яго злачынстваў

08.08.2022 21:40
Прадстаўнік ЕС па міжнародных сувязях Жазэп Барэль выказаў падтрымку беларусам, якія змагаюцца з нелегітымным рэжымам.
          .
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.Forum/TASS

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі выступіў з заявай у падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі напярэдадні гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

Упаўнаважаны прадстаўнік аб'яднанай Еўропы па міжнародных сувязях Жазэп Барэль выказаў падтрымку беларусам, якія змагаюцца з нелегітымным рэжымам. У сваёй прамове ён акцэнтаваў увагу на рэпрэсіях, праз якія ў Беларусі ўжо больш за 1200 палітвязняў, а многія прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці былі вымушаныя пакінуць краіну.

ЕС будзе прыкладаць намаганні, каб пакараць усіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека, заявіў Барэль, а таксама за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну.

«Наша рашучасць падтрымліваць народ Беларусі застаецца нязменнай. Са жніўня 2020 года ЕС выдзеліў каля 65 мільёнаў еўра на падтрымку народа Беларусі — ахвяраў рэпрэсій, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, жанчын, моладзі і студэнтаў, малога бізнесу, аховы здароўя і культуры. Мы гатовыя мабілізаваць наш комплексны план эканамічнай падтрымкі коштам 3 мільярды еўра, як толькі ў Беларусі адбудзецца дэмакратычны пераход. Гэта яскрава паказвае нашу доўгатэрміновую прыхільнасць міру, дэмакратычным памкненням і росквіту беларускага народа.

Для Еўрасаюза Беларусь і яе мужны народ з'яўляюцца важным еўрапейскім суседам. Мы цвёрда настроены працягваць выкарыстоўваць нашы даступныя інструменты, у тым ліку   санкцыі і ўзмоцненую падтрымку, для падтрымкі дэмакратычных правоў беларускага народа. Мы працягнем падтрымліваць народ Беларусі і падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь», – адзначае  Вярхоўны прадстаўнік ЕС.

вх