Беларуская Служба

Палітычны аналітык Мажэйка пра візавыя санкцыі: Беларусы выразна прадэманстравалі сваю адрознасць ад рэжыму, чаго не скажаш пра расіян

19.08.2022 16:54
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс выказаў думку выданню Politico, што Еўрасаюз мусіць не толькі спыніць выдачу віз грамадзянам Расіі, але і ануляваць раней выдадзеныя. 

«Пачынаючы з гэтага моманту, трэба сказаць яснае «не» турыстам з Расіі і Беларусі», — сказаў ён.

На ягоную думку, Еўропа павінна прымаць тых, «каму трэба прытулак, а не адпачынак».

Для беларусаў сітуацыя з выдачай літоўскіх віз ніякім чынам не зменіцца, запэўнівае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

«Мы знаходзімся на сувязі з міністэрствам замежных справаў Літвы: нас запэўнілі, што Літва працягне выдаваць візы. Звычайныя турыстычныя візы не выдаюцца яшчэ ад 2020 году. Усе візы, якія цяпер выдаюцца Літвой, выдаюцца па гуманітарных прычынах», – заявіў ён.
Па яго словах, цяпер распрацоўваецца механізм верыфікацыі, каб беларусы, якія не падтрымліваюць вайну і рэжым, маглі перамяшчацца па тэрыторыі ЕС і мець там бяспечны прытулак.

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка мяркуе, што забарона на ўезд – просты, але неэфектыўны крок:

– Мне здаецца, што візавы бан абмяркоўваецца не таму. Што гэта эфектыўны крок, а таму што яго проста ўвесці. Еўрапейскі бізнес, палітыкі, еўрапейцы не пацерпяць ад бана на шэнгенскія візы для расіян. Гэтую меру проста ўвесці, калі параўноўваць з банам на імпарт газа з Расіі. Калі гэта будзе ўведзена, я не бачу якім чынам гэта можа паскорыць перамогу Украіны. Але дакладна ўзмоцніць уплыў расійскай прапаганды. А гэта дакладна не на карысць Еўропы і ўсяго цывілізаванага свету.

Хутчэй за ўсё нас, беларусаў, гэта не закране, бо ёсць офіс Святланы Ціханоўскай. У міжнародным адвакатаванні інтарэсаў беларусаў Ціханоўская дасягнула ці не найбольшых поспехаў, у параўнанні з іншымі сферамі. Іншая справа, што і так усё ўскладнена для беларусаў з візамі. Але ўсё адно беларусам прасцей, чым расіянам, бо ў нас ёсць Ціханоўская, якая прадстаўляе беларускае грамадства. І беларускае грамадства ў 2020-ым яскрава прадэманстравала сваю адрознасць ад рэжыму, чаго не зрабіла расійскае грамадства, яно не паказала сваё адрозненне ад рэжыму Пуціна. Ад гэтай неэфектыўнай меры хутчэй пацерпяць расіяне, а не беларусы.

вх