Беларуская Служба

H&M сыходзіць з Беларусі. Крамы распрадаюць тавары

18.09.2022 13:03
Крамы сеткі ў Беларусі закрыліся ў пачатку сакавіка – у сувязі з пачаткам вайны ва Украіне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.stevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Брэнд H&M усё ж сыходзіць з Беларусі. 19 верасня крамы адчыняюцца для распродажу тавараў. Аб гэтым паведамляе Onliner, якога цытуе «Еўрарадё». Крамы сеткі H&M у Беларусі закрыліся ў пачатку сакавіка – у сувязі з пачаткам вайны ва Украіне. Спачатку кампанія планавала зноў адкрыць іх у жніўні, потым – 19 верасня.

«Мы часова зноў адкрыем нашы тры крамы для продажу астатніх тавараў і будзем трымаць іх адкрытымі цягам абмежаванага перыяду часу«, – сказалі парталу ў прэс-службе.

Аб канчатковым сыходзе з расійскага рынку шведская H&M Group – адзін з найбуйнейшых у свеце прадаўцоў адзення, абутку і аксесуараў – заявіла ў сярэдзіне ліпеня. У кампаніі растлумачылі сваё рашэнне »аперацыйнымі праблемамі і непрадказальнай будучыняй« а таксама »немагчымасцю ў бягучай сітуацыі працягваць бізнес у Расіі«.

Напрыканцы чэрвеня шведскі рытэйлер паведаміў, што закрыццё крам у Расіі, Беларусі і Украіне ў другім квартале 2022 года абышлося яму ў 228 мільёнаў крон.

Сетка H&M прыйшла ў Беларусь у 2019-м годзе. Першую краму шведскага мас-маркета адчынялі з помпай, чэргамі і натоўпамі людзей. Усяго ў Мінску было тры крамы.

аз