Беларуская Служба

Жыхарка Наваполацка, якая 1 верасня выступіла з антываеннай акцыяй, ізноў атрымала вялікі штраф

13.10.2022 15:06
Ганну Тукаву абвінавацілі ў незаконным пікеце, за размяшчэнне сцяга Украіны на асабістай старонцы Instagram.
Сцяг Украіныpixabay.com/jororo

У Наваполацку адбыўся ўжо трэці суд над Ганнай Тукавай. Цяпер міліцыя паставіла ёй у віну «пікетаванне» ў інстаграме выявамі ўкраінскага сцяга. На судзе жанчына адзначыла, што старонка яе закрытая, таму ўчастковы не меў доступу да яе публікацый. Такое ўмяшальніцтва ў яе прыватнае жыццё яна расцэньвае як «спробу псіхалагічнага ціску».

Суддзя прызначыла Ганне штраф у памеры 3200 рублёў.

Нагадаем, што 1 верасня падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі №1 праходзіла выступленне людзей у вайсковай форме. Ганна на сярэдзіне выступлення выйшла з антываеннай акцыяй. Жанчыну адразу затрымалі, а потым тыдзень утрымлівалі за кратамі, нягледзячы на тое, што ў яе ёсць 12-гадовая дачка. Раней Ганне двойчы прызначалі штрафы.

Агулам Тукава павінна сплаціць дзяржаве суму штрафу ў памеры 7360 рублёў.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск