Беларуская Служба

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці накіраваў у МАК заяву супраць допуску праўладных спартоўцаў на Алімпіяду

04.02.2023 18:16
Раней МАК заявіў, што плануе дазволіць беларускім і расійскім спартоўцам выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і больш за 50 спартоўцаў і прадстаўнікоў спорту падпісалі зварот у Міжнародны алімпійскі камітэт з-за магчымага ўдзелу спартоўцаў з Беларусі і Расіі ў Алімпійскіх гульнях 2024 года.

Аўтары звароту нагадваюць пра 200 спартоўцаў, якія загінулі падчас вайны ва Украіне, разбурэнне больш як 320 аб’ектаў спартовай інфраструктуры і адсутнасць эфектыўных магчымасцяў для падрыхтоўкі ўкраінскіх спартоўцаў.

«Больш за 20 беларускіх прадстаўнікоў спорту цяпер знаходзяцца за кратамі, сотні – зазналі рэпрэсіі і былі вымушаныя з'ехаць з краіны за тое, што заявілі пра сваё непрыняцце насілля і выказалі прыхільнасць агульным алімпійскім каштоўнасцям. Гэтыя спартоўцы патрапілі пад палітычны пераслед, страцілі свае грамадзянскія правы і не могуць паўнавартасна працягваць спартыўную кар’еру, у тым ліку браць удзелу ў Алімпійскіх гульнях», – гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары падтрымалі ўзмацненне спартыўных санкцый, якія ўжо працуюць супраць Беларусі і Расіі, і заклікалі МАК усебакова абараняць правы ўкраінскіх і беларускіх свабодных спартоўцаў і спецыялістаў.

«Беларускім свабодным спартоўцам трэба даць права ўдзельнічаць у спартовых спаборніцтвах і выратаваць іх ад пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі за іх грамадзянскую пазіцыю», – гаворыцца ў заяве.

Імёны спартоўцаў, якія падпісалі дэкларацыю, не публікуюцца «ў мэтах бяспекі», адзначылі ў Беларускім фондзе спартыўнай салідарнасці.

Раней МАК заявіў, што плануе дазволіць беларускім і расійскім спартоўцам выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам, калі яны адкрыта не падтрымліваюць вайну Расіі супраць Украіны. Міжнародная супольнасць падвергла заяву вострай крытыцы. Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні не прынятае, зазначае «Наша Ніва».

вс