Беларуская Служба

Палітвязню Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШІЗА

20.07.2023 12:30
Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.
Аляксандр Францкевіч spring96.org/

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», палітзняволенаму анархісту Аляксандру Францкевічу, асуджанаму па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, у чарговы раз працягнулі тэрмін у штрафным ізалятары ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах. У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго змясцілі адразу пасля «каранціну». Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.

Нагадаем, Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня 2020 года. Пазней стала вядома, што яго збівалі ў КДБ, білі электрашокерам і патрабавалі прызнаць віну. У прысутнасці яго таксама быў моцна збіты актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якога затрымалі разам з Францкевічам. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў.

6 верасня 2022 года Аляксандру быў вынесены прысуд: 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 долараў). 28 лютага ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія скараціла прысуд Аляксандру Францкевічу на тры месяцы.

Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманне ў ШІЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.

аз

На волю выйшаў палітзняволены актывіст Андрэй Кудзік

19.07.2023 07:35
У зняволенні актывіст утрымліваўся 1 год, 11 месяцаў і 9 дзён.