Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў яшчэ аднаго загінулага беларускага добраахвотніка

04.09.2023 13:01
30-гадовы Зміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласці.
Зміцер «Ганс» Рубашэўскі t.me/belaruscentrlviv

Фонд «Вольная Беларусь», зарэгістраваны ў Львове, паведаміў пра тое, што Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка, які ваяваў і загінуў ва Украіне.

«Фонд «Вольная Беларусь»атрымаў адказ на пададзены намі зварот аб узнагароджанні званнем Героя Украіны (пасмяротна) беларускага добраахвотніка Зміцера Рубашэўскага за пазыўным «Ганс»:

Указам Прэзідэнта Украіны ад 30.06.2022 № 460/2022 вайсковец Рубашэўскі Дзмітрый Алегавіч узнагароджаны Дзяржаўнай узнагародай Украіны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені (пасмяротна)», – чытаем у паведамленні фонду.

30-гадовы Зміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад смерцю «Ганс» знішчыў камандзіра расійскай групы, паведамляе «Свабода».

Раней стала вядома, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сваім указам ад 10 траўня 2023 году ўзнагародзіў ордэнамі «За мужнасць» трэцяй ступені беларускіх добраахвотнікаў Эдуарда Лобава і Данііла Ляшука.

У красавіку 2022 году званне Героя Украіны пасмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам.

аз