Беларуская Служба

У Бруселі адкрылася выстава пра Алеся Бяляцкага

25.10.2023 10:15
Беларусь заслугоўвае свабоды, гэта прыгожая нацыя з прыгожай гісторыяй, кажа еўрадэпутат Анджэй Галіцкі.
У Бруселі адкрылася выстава пра Алеся БяляцкагаTwitter/BelaruskiDom

«Я не баюся, няхай яны баяцца» – пад такім загалоўкам у Дэмакратычным прадстаўніцтве Беларусі ў Бруселі адкрылася выстава, прысвечаная зняволенаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяцкаму.

Выстава расказвае пра жыццё і дзейнасць Алеся Бяляцкага з 1980-х гадоў, яшчэ з часоў Савецкага Саюза, а таксама пра стварэнне праваабарончага цэнтра «Вясна» ў 1996 годзе і пра супраціўленне рэжыму Лукашэнкі на працягу амаль 30 гадоў, кажа старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

- Гэтая выстава пра тое, што Беларусь, якая «прачнулася» ў 2020 годзе, то яна не прачнулася раптоўна. Гэта быў працэс, які працягваўся з 1980-х гадоў. Гэта была група людзей, якая заўсёды жадала незалежнай дзяржавы, дзе адзінай мовай была б беларуская.

Выставу ў Бруселі дапамаглі арганізаваць еўрадэпутаты. Адзін з іх, Анджэй Галіцкі (Andrzej Halicki), паведаміў, што ў сакавіку экспазіцыя будзе паказана ў Еўрапарламенце. Сэнс у тым, каб паказаць дэпутатам драму апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі:

- Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі, штодзённыя арышты, людзей у турмах, катаванні, сямейныя драмы… Нельга пра гэта забываць ці прыкрываць іншымі драматычнымі падзеямі. Беларусь заслугоўвае свабоды, гэта прыгожая нацыя з прыгожай гісторыяй, вельмі блізкая да нас і проста заслугоўвае таго, каб быць у адзінай свабоднай Еўропе.

Экспазіцыя складаецца з некалькіх дзясяткаў дошак на англійскай мове, якія распавядаюць пра змаганне Алеся Бяляцкага за свабоду Беларусі, а таксама архіўных фотаздымкаў. Падчас адкрыцця выставы быў паказаны дакументальны фільм пра Алеся Бяляцкага.

IAR/аз