Беларуская Служба

BelPol: З 2020 па верасень 2023 года было ўзбуджана 16 крымінальных справаў за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»

25.10.2023 12:30
З 2020 года па верасень 2023 года паводле матэрыялаў ГУБАЗіК МУС было заведзена 16 крымінальных спраў паводле артыкула 361 ч. 2, паведаміла аб’яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/viasna96

«Прапаганда рэжыму імкнецца стварыць уражанне, што карныя структуры дыктатара «разабраліся» з доанатамі беларусаў, пералічанымі дэмакратычным структурам і людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Нібыта ўсе «вінаватыя» ўстаноўленыя, узбуджаны сотні крымінальных спраў і ўсе «заданачаныя» сродкі спагнаны ў дзесяціразовым памеры. Аднак BelPol ад кампетэнтных крыніц з Беларусі атрыманы зусім іншыя звесткі», – падкрэсліваюць прадстаўнікі ініцыятывы.

Паводле інфармацыі арганізацыі, сёлета ў тым ліку было ўзбуджана восем крымінальных спраў. Усе вядомыя справы грунтаваліся на абвінавачваннях у пералічэнні грашовых сродкаў фондам BYSOL і BY_help «у той перыяд, калі яны яшчэ не былі прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі» і беларусы не баяліся аказваць ім фінансавую падтрымку».

У BelPol паведамілі, што па матэрыялах Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у 2022–2023 гадах было распачата каля 100 крымінальных спраў за «фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці».

«Многія крымінальныя справы ўзбуджаны ў дачыненні да «неўстаноўленых асоб» толькі на падставе маніторынгу банкаўскіх транзакцый, па факце паступлення грашовых сродкаў у адрас непажаданых рэжыму арганізацый», – адзначылі ў BelPol, дадаўшы, што «з гэтай прычыны найбольш буйныя сумы ахвяраванняў у памеры дзясяткаў і сотняў тысяч долараў ЗША спагнаць не ўдалося».

З канца 2022 года беларусаў пачалі актыўна выклікаць у КДБ з нагоды данатаў у фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Сілавікі ставяць людзям умову — пералічыць у некалькі разоў большую за данат суму на спецыяльныя рахункі, альбо супраць іх будзе распачата крымінальная справа паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») або арт. 290 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»). 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па стане на пачатак липеня бягучага года за «фінансаванне экстрэмізму» было ўжо асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. 

Вынікі судоў астатніх сямі чалавек высвятляюцца праваабаронцамі. 

Яшчэ мінімум дзесяць чалавек утрымліваюцца ў зняволенні ў чаканні прысуду. Акрамя гэтага, дзясяткі чалавек штомесяц вымушаны аддаваць сілавікам вялікія грошы, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. 

вх