Разгляд справы аб дыверсіі ў Мачулішчах пачынаюць 19 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе, паведаміў «Позірк» са спасылкай на праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сярод падсудных 12 чалавек: Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандар Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Частка з іх (Азараў, Тачыцкая, Лапароў, Якуцік, Яцута, Дзёмін, а таксама ўкраінскі дыверсант Швец, перададзены Украіне) не знаходзяцца ў Беларусі.
Усіх абвінавачваюць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 3614 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці),
ч. 1 арт. 2901 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»),
ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
ч. 1 арт. 358 («Агентурная дзейнасць»),
ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін»),
ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»),
ч. 3 арт. 3611 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»),
ч. 2 арт 361 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»),
ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў»),
ч. 3 арт. 290 («Праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці»).
Судзяць абвінавачаных у закрытым рэжыме.
У ліпені 2023 году кіраўнік аб’яднаньня былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol Аляксандр Азараў паведаміў, што пашкоджанне на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам рэдкага і дарагога расійскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 было аперацыяй ByPol і Службы бяспекі Украіны (адбылося 26 лютага 2023 года).
Першапачаткова ByPol заявіў, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плану «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ і пасля аперацыі пакінулі Беларусь.
КДБ паведаміў пра затрыманне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцу Мікалая Швеца, які быў названы агентам украінскай спэцслужбы. Ведамства заявіла, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на самалёт выстаўлена абвінавачаньне па ч. 3 арт. 289 КК.
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасць службы да дыверсіі 25 сакавіка 2024 года.
Сёлета ў чэрвені гэтага году асуджанага Швяца абмянялі на мітрапаліта Ёнатана (Анатоль Ялецкіх), які належыць да Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ва Украіне ён адбываў тэрмін за апраўданне расійскай агрэсіі.
svaboda.org/вх