Беларуская Служба

Эпідэмія каронавіруса: група польскіх студэнтаў з КНР пад пільным наглядам

26.01.2020 10:55
У нядзелю раніцой улады КНР пацвердзілі 55 смяротных выпадкаў каронавіруса, больш за 2 тысячы чалавек з'яўляюцца інфікаванымі.
Цеплавізійны кантроль пасажыраў Foto: PAP/EPA/CHAMILA KARUNARATHNE

Група студэнтаў Політэхнічнага ўніверсітэту гораду Жэшув, якая праз Дубай вярталася з кітайскага Уханя ў Варшаву, была накіраваная на медычны нагляд у адмысловую лякарню. Пра гэта ў начы з суботы на нядзелю паведаміла Галоўная санітарная інспекцыя Польшчы.

Дадзены крок эпідэміялагічных службаў выкліканы імклівым распаўсюджваннем каронавіруса 2019-nCoV, менавіта горад Ухань стаў эпіцэнтрам распаўсюду хваробы. Кітайскае міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ва Ухане ад каронавіруса загінула 55 чалавек.

Прэсавы сакратар Галоўнай санітарнай інспекцыі Ян Бондар (Jan Bondar) заявіў, што яго ўстанова разам з Памежнай вартай і супрацоўнікамі аэрапортаў вядуць дадатковы маніторынг людзей, якія прыбываюць у Польшчу. Усе пасажыры, якія прылятаюць з Кітаю ды іншых азіяцкіх краінаў паддаюцца дадатковаму нагляду, ім неабходна запоўніць дакумент, паводле якога будзе магчыма вызначыць іх месцазнаходжанне цягам двух тыдняў.

У нядзелю раніцой улады КНР пацвердзілі 55 смяротных выпадкаў каронавіруса, больш за 2 тысячы чалавек з'яўляюцца інфікаванымі. Першыя выпадкі захворванняў на каронавірус ужо зафіксаваныя ў Тайландзе, В’етнаме, Сінгапуры, Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайваню, Непале, Малайзіі, Аўстраліі, Францыі і ў Канадзе.

PR/эж