Беларуская Служба

У Варшаву з'едуцца 11 еўрапейскіх міністраў сельскай гаспадаркі

20.02.2020 13:10
«Мы патрабуем больш грошаў на Супольную аграрную палітыку і нашы краіны не пагаджаюцца на захаванне Еўропы дзвюх хуткасцяў».
Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі PR

Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі (Jan Krzysztof Ardanowski) паведаміў, што у панядзелак, 24 лютага, ў Варшаве збяруцца міністры сельскай гаспадаркі 11 краінаў Усходняй, Цэнтральнай Еўропы і Балканаў. Польскі палітык заявіў, што міністры абмяркуюць выклікі для еўрапейскіх аграрыяў і бюджэт Еўразвязу на 2021-2027 гады. Таксама плануецца сустрэча міністраў сельскай гаспадаркі краінаў «Трохмор’я» з прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам.

Міністр Ян Кшыштаф Арданоўскі ўдакладніў, што падчас сустрэчы будзе прынята, а потым агучана так званая «Варшаўская дэкларацыя», у якой будзе прадстаўлена агульная пазіцыя краінаў па пытанні Супольнай сельскагаспадарчай палітыкі ЕЗ:

- Мы патрабуем больш грошаў на Супольную аграрную палітыку. Нашы краіны не пагаджаюцца на захаванне Еўропы дзвюх хуткасцяў, то-бок так званых «багацейшых» і «бяднейшых» краінаў. Агульныя выклікі і агульныя мэты. Каб адэкватна адказваць на глабальныя выклікі, Еўропа мае яднацца, павінна быць штораз мацнейшая, кансалідаваная.

Ян Кшыштаф Арданоўскі ўдакладніў, што «Варшаўская дэкларацыя» будзе голасам, адрозным ад пазіцыі сямі краінаў «старой» Еўропы, уключаючы Нідэрланды. Паводле яе, няма неабходнасці выраўноўваць прамыя датацыі фермерам у Заходняй і Усходняй Еўропе.

IAR/эж