Беларуская Служба

Мільярд злотых прызначыць польскі ўрад на кампенсацыю для фермераў

05.07.2020 13:40
На дапамогу могуць разлічваць, між іншым, жывёлаводы, птушкагадоўцы і вытворцы дэкаратыўных раслін.
Ілюстраційне фотоPhoto: 12019/pixabay.com/CC0 Public Domain

Адзін мільярд злотых складзе кампенсацыя для фермераў, чые гаспадаркі страцілі прыбытак з-за эпідэміі каранавіруса, – заявіў падчас сустрэчы ў мясцовасці Сокалы міністр сельскай гаспадаркі Ян Кшыштаф Арданоўскі.

Па яго словах, сродкі пацярпелым будуць выдавацца ў выглядзе спецыяльных грантаў і ваўчараў. На дапамогу могуць разлічваць, між іншым, жывёлаводы, птушкагадоўцы і вытворцы дэкаратыўных раслін.

Праблемы фермераў выкліканыя, у прыватнасці, абмежаваннем экспарту пасля закрыцця межаў у сувязі з эпідэміяй. Цяпер экспарт павольна аднаўляецца, – заявіў міністр сельскай гаспадаркі. Ён дадаў, што атрымлівае інфармацыю ад дыпламатычных службаў пра тое, дзе назіраецца попыт на той ці іншы від ежы, што дапамагае знайсці магчымасці продажу айчыннай прадукцыі.

Як падкрэсліў Ян Кшыштаф Арданоўскі, эпідэмія таксама паказала важнасць сельскай гаспадаркі і лакальнай сельскагаспадарчай вытворчасці. Міністр адзначыў, што без сельскай гаспадаркі дзяржава наўрад ці можа існаваць. «Вы можаце адмовіцца ад іншых тавараў, але харчаванне нельга замяніць нічым, таму роля фермераў надзвычай важная», – рэзюмаваў ён.

У Сокалах Ян Кшыштаф Арданоўскі разам з міністрам нацыянальнай адукацыі Дарыюшам Піянткоўскім сустрэліся з жыхарамі вёскі. Падобныя сустрэчы запланаваны сёння ў іншых населеных пунктах Падляшша.

ІАР ПР/нг