Беларуская Служба

Беларусы Падляшша выказалі салідарнасць з ахвярамі рэпрэсіяў у Беларусі

13.08.2020 11:48
«Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Пашкевіча, а таксама ўсіх іншых незаконна затрыманых у розных беларускіх гарадах падчас мірных пратэстаў».
Аўдыё
  • Беларусы Падляшша выказалі салідарнасць з ахвярамі рэпрэсіяў у Беларусі
    ,
Пратэсты каля станцыі метро "Пушкінская", Мінск Photo: EPA/TATYANA ZENKOVICH

Фонд Kamunikat.org і Беларускае Гістарычнага Таварыства выступілі з супольнай заявай на конт падзеяў у Беларусі:

«У Менску ды ў многіх іншых гарадах ад нядзелі 9 жніўня трываюць мірныя пратэсты жыхароў Беларусі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка, які кіруе краінай з 1994 году, чарговы раз аб’явіў пра сваю перамогу, атрымаўшы быццам бы 80% галасоў выбаршчыкаў.

Абураныя беларусы выйшлі на вуліцы, каб мірным чынам абараніць свой голас. Дзеля зачысткі гэтых пратэстаў улады накіравалі міліцыю і вайскоўцаў узброеных ня толькі вадамётамі, гумовымі кулямі ці шумавымі гранатамі, але таксама агнястрэльнай зброяй. У выніку гэтых падзеяў паводле афіцыйных звестак беларускага Міністэрства ўнутраных справаў было затрымана больш за 5 тысячаў пратэстоўцаў. Многія з іх утрымліваюцца ў жудасных умовах – па 40-50 асобаў у камерах прызначаных звычайна для 10-15. Дзясяткі пратэстуючы знаходзяцца ў шпіталях, сотні – звярталіся па медычную дапамогу. На жаль, ёсць таксама забітыя.

Сярод затрыманых у Мінску – таксама беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч – рэдактар часопісу ARCHE, намеснік галоўнага рэдактара часопісу «Наша Гісторыя». Алесь з'яўляецца таксама сябрам Праграмнай Рады Фонду Kamunikat.org. Як рэдактар часопісу ARCHE многія гады супрацоўнічаў з Беларускім Гістарычным Таварыствам.

Алеся затрымалі ў нядзелю на выбарчым участку ў Менску, дзе ён быў незалежным назіральнікам. Паводле інфармацыі, атрыманых у беларускім МУС, яго будуць судзіць за «хуліганства». Кожны, хто ведае гэтага выдатнага прадстаўніка беларускай інтэлігенцыі, ведае, што ён вельмі культурны чалавек і такую сітуацыя, у якой ён быццам бы «чапляўся да людзей» немагчыма сабе ўявіць.

Мы салідарныя з беларусамі незаконна затрыманымі беларускімі ўладамі.

Мы выказваем глыбокую занепакоенасць грубым парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Пашкевіча, а таксама ўсіх іншых незаконна затрыманых у розных беларускіх гарадах падчас мірных пратэстаў.

Жыве Беларусь!».

Супольную заяву падпісалі:

Магдалена Дэмбкоўска, старшыня Праграмнай Рады Фонду Kamunikat.org

Яраслаў Іванюк, Старшыня Ўправы Фонду Kamunikat.org

Прафесар Алег Латышонак, Старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства

эж