Беларуская Служба

Варшаўскі ўніверсітэт пашырыць падтрымку пацярпелых у выніку дзеянняў беларускіх улад

21.08.2020 14:04
У знак салідарнасці з беларускім грамадствам, у Варшаўскім універсітэце былі выстаўленыя беларускія сцягі.
Brama Uniwersytetu Warszawskiego
Brama Uniwersytetu WarszawskiegoKamyq/Pixabay/Domena publiczna

У знак салідарнасці з беларускім грамадствам, якое падвяргаецца рэпрэсіям пасля прэзідэнцкіх выбараў, у Варшаўскім універсітэце былі выстаўлены беларускія сцягі.

Рэктар Варшаўскага ўніверсітэту, прафесар Марцін Палыс (Marcin Pałys) заявіў, што акадэмічная супольнасць універсітэту «падтрымлівае ўсіх, хто хоча свабоднай, дэмакратычнай, грамадзянскай і законапаслухмянай Беларусі». Ён адзначыў, што ўніверсітэт «працягне і пашырыць дзейнасць, якая праводзіцца да гэтага часу дзеля падтрымкі пацярпелых у выніку дзеянняў беларускіх улад».

У рамках стыпендыяльнай праграмы імя Канстанціна Каліноўскага пры ўрадзе Рэспублікі Польшча студэнты, якія былі адлічаныя з ВНУ ў Беларусі, атрымліваюць стыпендыі на поўнае навучанне ў Польшчы, а таксама на адзін год стажыроўкі ў Варшаве. У сувязі з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі і чаканым павелічэннем колькасці рэпрэсаваных, было прынята рашэнне аб дадатковым наборы кадраў.

«Варшаўскі ўніверсітэт мае намер запрасіць больш лектараў і даследчыкаў з Беларусі да супрацоўніцтва, калі яны сутыкнуцца з рэпрэсіямі», – заявіў прафесар Марцін Палыс.

Універсітэт праінфармаваў, што Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы знаходзіцца ў пастаянным кантакце з дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі Рэспублікі Польшча, якія назіраюць за сітуацыяй у Беларусі.

ПР/нг