Беларуская Служба

Польскія спартсмены за 100 дзён да алімпіяды ацанілі стан падрыхтоўкі да гульняў

14.04.2021 23:34
Вырашана правесці акцыю вакцынацыі польскіх спартсменаў, якія паедуць на алімпіяду.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:blende12/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадстаўнікі Польскага алімпійскага камітэту за 100 дзён да запланаваных Алімпійскіх гульняў у Токіа абмеркавалі стан падрыхтоўкі польскай каманды. Па іх словах, гульні напэўна будуць адрознівацца ад таго, як яны выглядалі раней. Надзеі вялікія, але цяжка прадбачыць, які ўплыў аказала пандэмія на спартсменаў.

Прэзідэнт ПАК (PKOL) Анджэй Красніцкі спадзяецца, што маладое пакаленне спартсменаў праявіць сябе ў Токіа з добрага боку, хаця цяжка сказаць, як будуць выглядаць Алімпійскія гульні ў гэтым годзе.

- Мы б хацелі, каб медалёў было больш, чым да гэтага часу. Цяжка рацыянальна ацаніць, якія магчымасці ў спартсменаў. На маю думку, гэта будзе таксама змена пакалення. Канешне, хацелася б часцей чуць польскі гімн, чым у Рыо-дэ-Жанейра. Аднак сёлета ўсё выглядае інакш, адбываецца ў іншых абставінах.

На думку прадстаўнікоў Алімпійскага камітэту, польскія атлеты могуць заваяваць у Японіі ад 10 да 20 медалёў.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў на прэс-канферэнцыі, што ўрад вырашыў правесці акцыю вакцынацыі польскіх спартсменаў, якія паедуць на алімпіяду.

Алімпійскія гульні, перанесеныя з мінулага году, пачнуцца ў Токіа 23 ліпеня.

ІАР/нг