Беларуская Служба

Канстытуцыйны суд: Амбудсмен не можа заставацца на пасадзе пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў

15.04.2021 13:06
Нагадваем, у апошнія месяцы парламент тройчы спрабаваў абраць пераемніка Адама Боднара.
Канстытуцыйны судPAP/Leszek Szymański

Нягледзячы на тое, што да гэтай пары новы амбудсмен не быў абраны, Адам Боднар не можа выконваць свае абавязкі, паколькі 9 верасня 2020 года скончыўся пяцігадовы тэрмін яго паўнамоцтваў. Канстытуцыйны суд Польшчы пастанавіў, што выконванне абавязкаў амбудсмена па заканчэнні тэрміну паўнамоцтваў супярэчыць Асноўнаму закону. Рашэнне было прынята аднагалосна.

З просьбай разгледзець гэтае пытанне ў Канстытуцыйны суд звярнуліся дэпутаты ад кіруючай партыі „Права і справядлівасць”. Суд вырашыў, што прысуд уступіць у сілу праз тры месяцы з моманту яго публікацыі ў „Заканадаўчым выданні”.

Суддзя Станіслаў Пятровіч адзначыў таксама, што дзяржустановы могуць аспрэчваць рашэнні дзеючага амбудсмeна.

„Гэта дае магчымасць любому грамадзяніну ставіць пад пытанне не толькі кампетэнцыі амбудсмена, але і яго статус упаўнаважанага па правах чалавека. Гэта, у сваю чаргу, пагражае прынцыпам прававой бяспекі і прынцыпам легалізма”, - сказаў ён.

Перад будынкам Канстытуцыйнага суда Адам Боднар падзякаваў усім прысутным за аказаную падтрымку. Ён таксама запэўніў, што цягам бліжэйшых месяцаў будзе працягваць сваю працу.

Нагадваем, амбудсмена прызначае Сейм са згоды Сената па просьбе спікера Сейма або групы з 35 дэпутатаў. Калі Сенат адмаўляецца даць згоду на прызначэнне, Сейм прызначае на гэтую пасаду іншага чалавека. У апошнія месяцы парламент тройчы спрабаваў абраць пераемніка Адама Боднара.

аз