Беларуская Служба

Адстаўка намесніка спікера Сейму не прайшла

24.06.2021 11:35
Апазіцыя патрабавала зняць з пасады Р. Тарлецкага за яго словы пра С. Ціханоўскую.
Ryszard Terlecki
Ryszard TerleckiFoto: W.Kusiński/PR

Сейм (ніжэйшая палата польскага парламенту) адхіліў просьбы апазіцыі аб зняцці з пасады намесніка спікера Сейму Рышарда Тарлецкага (Права і справядлівасць – PiS) і трох міністраў: Марыюша Камінскага – кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Яцэка Сасіна – кіраўніка дзяржаўных актываў і Міхала Дворчыка – кіраўніка канцылярыі прэм'ер-міністра.

Заяву аб адстаўцы Тарлецкага ўнеслі дэпутаты апазіцыі, што было звязана з яго словамі пра лідарку беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую. У сваім посце ў Twitter Тарлецкі пракаментаваў тое, што Ціханоўская будзе госцем Campus Polska Przyszłość – мерапрыемства, арганізаванага пад канец жніўня мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. «Калі Ціханоўская хоча рэкламаваць антыдэмакратычную апазіцыю ў Польшчы і зʼяўляцца на сходзе Тшаскоўскага, хай звяртаецца па дапамогу ў Маскву, а мы будзем падтрымліваць беларускую апазіцыю, якая не падтрымлівае нашых апанентаў», – заявіў намеснік спікера.

Пазней Тарлецкі напісаў ліст Ціханоўскай, а на мінулым тыдні яны сустрэліся ў Вільні. Дарадца лідара беларускай апазіцыі Франак Вячорка сказаў, што Тарлецкі растлумачыў сваю пазіцыю Ціханоўскай, яны пагадзіліся, што беларускае пытанне павінна быць па-за ўсімі падзеламі.

PAP/нг