Беларуская Служба

Памежная служба выдала ўжо больш за 1 200 дазволаў на ўезд у зону надзвычайнага становішча

22.10.2021 18:31
Паводле памежнікаў, большасць пададзеных заявак была матываваная неабходнасцю наведаць сваякоў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne twitter.com/Straż Graniczna

З пачатку абвяшчэння надзвычайнага становішча ў паласе на мяжы з Беларуссю былi выдадзеныя 1 222 дазволу на ўезд у зону абмежавання, паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы Анна Міхальска.

У тым ліку Падляшскі аддзел Памежнай службы выдаў 1 079 гэткіх дазволаў, а Надбужанскі – 143. Большасць пададзеных заявак была матываваная неабходнасцю наведаць сваякоў.

З 2 верасня з-за міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю дзейнічае надзвычайнае становішча. Яно ахоплівае 183 населеныя пункты ў Падляшскім і Люблінскім ваяводствах. Надзвычайнае становішча было ўведзенае ўказам прэзідэнта па просьбе Савета міністраў спачатку на 30 дзён, а затым прадоўжанае на 60 дзён.

Паводле дадзеных польскай Памежнай службы, з пачатку кастрычніка былі зафіксаваныя больш за 12 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі.

PAP/аз