Беларуская Служба

Польшча вырашыла адмяніць для расіян спрошчаны доступ да рынку працы

30.09.2022 18:50
Новае распараджэнне выключае Расійскую Федэрацыю са спісу краін, грамадзяне якіх могуць карыстацца спрошчанымі правіламі пры афармленні дазволу на працу.
Міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена МалёнгPAP/Paweł Supernak

Польшча вырашыла адмяніць для расіян спрашчэнне доступу да рынку працы

«У абліччы міграцыйнай рызыкі з Расіі, але таксама прымаючы пад увагу ўзброеныя дзеянні гэтай краіны ва Украіне і рост асцярог перад расійскай гібрыднай атакай у Польшчы, мы вырашылі адмяніць спрашчэнне доступу расіян на польскі рынак працы», заявіла міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

Новае распараджэнне выключае Расійскую Федэрацыю са спісу краін, грамадзяне якіх могуць карыстацца спрошчанымі правіламі пры афармленні дазволу на працу.

«Дазволы на сезонныя работы на льготных умовах больш не будуць выдавацца грамадзянам Расіі. На іх не будзе распаўсюджвацца спрошчаны парадак афармлення дэкларацый аб даручэнні працы замежніку», – растлумачыла кіраўнік Мінпрацы і сацыяльнай палітыкі.

Яна падкрэсліла, што грамадзяне Расіі, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы, змогуць атрымаць дазвол на працу і дазвол на часовае пражыванне ў звычайным парадку, гэта значыць пасля атрымання інфармацыі ад старасты аб сітуацыі на мясцовым рынку працы, так як грамадзяне іншых дзяржаваў.
PAP/яс