Беларуская Служба

Польшча павінна выйграць справу аб карціне Васіля Кандзінскага «Кампазіцыя»

21.12.2022 12:53
Карціна Кандзінскага была скрадзеная з калекцыі Нацыянальнага музею ў Варшаве, цяпер яе прадаюць у Берліне. 
Скрадзеная карцінафота: Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego /Materiały prasowe

Намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін паведаміў, што Польшча верагодней за ўсё выйграла справу аб карціне Васіля Кандзінскага «Кампазіцыя». У інтэрв'ю тэлеканалу TVP 1 намеснік міністра падкрэсліў, што твор быў скрадзены з польскай калекцыі і павінен быць вернуты ў нашу краіну.

Яраслаў Сэлін нагадаў, што аўкцыённы дом Grisebach у Берліне вырашыў прадаць карціну, нягледзячы на пратэсты польскага боку. Толькі пасля таго, як справай зацікавіліся міжнародная грамадскасць і сусветныя СМІ, продаж быў стрыманы. Аўкцыённы дом вырашыў не завяршаць здзелку з-за клопату аб уласнай рэпутацыі і аўтарытэце. «Яны вырашылі, што не будуць завяршаць працэсу продажу», – сказаў Яраслаў Сэлін. «Карціна фармальна прадаецца, але яны не бяруць грошы, не перадаюць карціны новаму ўладальніку, а падаюць справу ў суд. Я тут аптыміст. У нас 100% доказаў, таму што няма ніякіх сумневаў, што гэта скрадзеная карціна», – патлумачыў Сэлін.

Карціна Васіля Кандзінскага «Кампазіцыя» была скрадзеная з калекцыі Нацыянальнага музею ў Варшаве ў 1984 годзе. У канцы лістапада аўкцыённы дом у Берліне прадаў працу за 310 тысяч еўра.

«Кампазіцыя» – адна з работ Васіля Кандзінскага, якая абʼядноўвае ўсе элементы, якія адрозніваюць абстрактную творчасць мастака 1920-х гадоў. Насычаная яркімі фарбамі кампазіцыя на ружовым фоне складаецца з геаметрычных фігур – вектараў, кругоў, паўколаў і трыкутнікаў, якія перасякаюцца хвалістай лініяй, праведзенай пасярэдзіне аркуша. Кандзінскі падарыў акварэль брунсвікскаму калекцыянеру Ота Ральфсу на дзень нараджэння 1 красавіка 1928 года.

iar/нг