Беларуская Служба

У Варшаўскім універсітэце распачалі навучанне дыпламатыі 15 беларускіх студэнтаў

21.12.2022 16:16
Навучанне праводзіцца ў супрацоўніцтве з Дыпламатычнай акадэміяй МЗС Польшчы.
          ,     15 .
Інстытут Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта распачаў навучанне трэцяга набору дыпламатычнага курса, у якім прымуць удзел 15 слухачоў.Фота: screenshot

На цырымоніі адкрыцця новага курса навучання кіраўнік НАУ Павел Латушка зазначыў, што падрыхтоўка новых дыпламатычных кадраў важная з пункту гледжання забеспячэння імі транзітнага перыяду ў Беларусі.

«Гэта людзі, якія возьмуць на сябе адказнасць за самы складаны перыяд у развіцці нашай дзяржавы. Вы можаце паглядзець адзін на аднаго. Запомніце твары сваіх калегаў па вучобе. Праз некалькі гадоў вы будзеце міністрамі, намеснікамі міністраў, начальнікамі ўпраўленняў ва ўрадзе і органах мясцовага самакіравання Беларусі», – запэўніў ён.

Палітык адзначыў, што свет стаў забывацца на тое, што ў Беларусі па-ранейшаму «катуюць людзей у турмах». Ён заклікаў студэнтаў курса публічна расказваць пра злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Навучанне праводзіцца ў супрацоўніцтве з Дыпламатычнай акадэміяй МЗС Польшчы пры ўдзеле дасведчаных лектараў і дыпламатаў. Таксама лекцыі для слухачоў праводзяць Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка і намеснік Прадстаўніка Кабінета па міжнародных адносінах, намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка.

Раней такі курс скончылі каля 50 беларусаў.

Павел Латушка падзякаваў за рэалізацыю дадзенага курса дырэктару Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Яну Маліцкаму, кіраўніку дыпламатычнай службы МЗС Польшчы Аркадзю Жыгоцкаму і прадстаўнікам Дыпламатычнай акадэміі МЗС Польшчы, якія таксама прысутнічалі на цырымоніі адкрыцця.

t.me/nau_belarus / вх