Беларуская Служба

«Польшча перадасць свае «Леапарды» Украіне нават без згоды Германіі»

23.01.2023 16:07
Украіна змагаецца таксама за мір у Еўропе, нагадаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Прэм'ер Матэвуш Маравецкі PAP/Marek Zakrzewski

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча плануе перадаць украінскім узброеным сілам свае танкі «Леапард» нават без згоды нямецкіх уладаў. У той жа час ён выказаў надзею, што Берлін на гэта пагодзіцца і далучыцца да шырокай кааліцыі ў падтрымку Украіны.

Кіраўнік урада адзначыў, што ў Германіі ёсць некалькі сотняў танкаў, частка з якіх можа быць перададзена ўкраінскаму войску, якому патрэбная цяжкая тэхніка для барацьбы з расіянамі:

- Мы пастаянна націскаем на ўрад у Берліне перадаць Украіне танкі. Яны маюць больш за 300 танкаў у арміі і каля 200 на складах. Таму яны могуць без праблем дапамагчы Украіне, якая змагаецца таксама за мір у Еўропе.

Прэмʼер Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што ціск, які аказваецца на ўрад Германіі, мае сэнс, бо дзякуючы яму міністр замежных справаў Аналена Бербак заявіла, што нямецкі бок не будзе супраць перадачы Украіне нямецкіх танкаў, якімі распараджаецца польская армія.

Нагадваем, надоечы некалькі еўрапейскіх краін, у тым ліку Польшча, заявілі аб гатоўнасці адправіць свае танкі «Леапард» ва Украіну. Пакуль улады Германіі афіцыйна не пагадзіліся на такую форму падтрымкі ўкраінскіх узброеных сіл. Згодна з падпісанымі з Германіяй кантрактамі на пастаўку зброі, такая згода неабходная.

Заўтра з новым міністрам абароны Германіі сустрэнецца генсакратар НАТА. Адной з найважнейшых тэм размовы, безумоўна, стане вайна ва Украіне і ваенная падтрымка арміі згаданай краіны.

IAR/аз

Комплексы «Patriot» едуць у Польшчу

23.01.2023 13:31
Яны павінны ўмацаваць усходні фланг НАТА на мяжы з Украінай.