Беларуская Служба

Законапраект аб прызнанні ўкраінцаў і беларусаў носьбітамі рускай мовы разгледзяць у РФ

17.10.2019 11:04
Як паведаміла прэс-служба ўрада, адпаведныя змены прапануецца ўнесці ў артыкул 331 закона „Аб грамадзянстве Расійскай Федэрацыі”.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:thenikitasazhin/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад РФ на пасяджэнні ў чацвер разгледзіць праект закона аб прызнанні ўраджэнцаў Украіны і Беларусі носьбітамі рускай мовы без праходжання гутаркі пры звароце за атрыманнем грамадзянства Расіі.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, адпаведныя змены прапануецца ўнесці ў артыкул 331 закона „Аб грамадзянстве Расійскай Федэрацыі”, інфармуе „Интерфaкс”.

„У адпаведнасці з часткай першай артыкула 331 Федэральнага закона „Аб грамадзянстве Расійскай Федэрацыі” замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства могуць быць прызнаныя носьбітамі рускай мовы, то бок асобамі, якія валодаюць рускай мовай і паўсядзённа ёй карыстаюцца ў сямейна-бытавой і культурнай сферах, у выпадку, калі гэтыя асобы альбо іх сваякі па прамой узыходнай лініі пастаянна пражываюць або раней пастаянна пражывалі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі альбо на тэрыторыі, якая адносіцца да Расійскай імперыі ці СССР, у межах дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі, па выніках гутаркі, праведзенай з імі камісіяй па прызнанні замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства носьбітам рускай мовы”, - нагадалі ў прэс-службе.

„Праектам федэральнага закона прадугледжваецца магчымасць прызнання камісіяй носьбітамі рускай мовы без праходжання вышэйзгаданага сумоўя грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян Украіны, якія свабодна валодаюць рускай мовай, пры асабістай падачы заявы аб прызнанні іх носьбітамі рускай мовы і пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных часткай першай артыкула 331 Федэральнага закона „Аб грамадзянстве Расійскай Федэрацыі”. Парадак падачы такіх заяў будзе вызначацца Міністэрствам унутраных спраў Расійскай Федэрацыі”, - тлумачыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, паколькі ў цяперашні час адсутнічае адзіны падыход да правядзення камісіямі гутарак з суіскальнікамі грамадзянства РФ, прапануецца надзяліць МУС РФ паўнамоцтвамі па вызначэнні і ўзгадненні з Міністэрствам асветы адзіных крытэрыяў прызнання замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства носьбітам рускай мовы, у тым ліку парадку распрацоўкі і выкарыстання матэрыялаў і тэстаў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні камісіяй размовы з замежным грамадзянінам або асобай без грамадзянства.

аз