Беларуская Служба

Прарасійскія сепаратысты вынішчаюць грузінскую культуру ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

22.02.2020 12:39
 Самаабвешчаныя улады ў Цхінвалі загадалі прыбраць з аптэк і крамаў медыкаменты і прадукты з грузінскімі надпісамі. 
    , 2008
Расійскі акупацыйны кантынгент у Грузіі, 2008 год Maciej Jastrzębski, Polskie Radio

Улады Грузіі занепакоеныя працэсам знішчэння грузінскай культуры ў акупаваных Расіяй Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ужо на працягу некалькі дзён пра абвастрэнне працэсу знішчэнне грузінскай культуры і абмежаванне мовы ў сепаратысцкай Паўднёвай Асеціі паведамляюць мясцовыя СМІ.

Прычынай гэтых паведамленняў стала рашэнне самаабвешчаных уладаў у Цхінвалі прыбраць з аптэк і крамаў медыкаменты і прадукты з грузінскімі надпісамі. «Працэс знішчэння нашай культуры на акупаваных тэрыторыях працягваецца ўжо даўно», – адзначыў у гутарцы з Польскім радыё паўнамоцны прадстаўнік грузінскага ўрада па кантактах з Расіяй Зураб Абашыдзэ:

-Закрыццё грузінскіх школаў, перайменаванне вёсак і пасёлкаў і цяжкае становішча грузінскіх манастыроў. Большая частка грузінскага насельніцтва была выгнана з тых зямель, гэта трагедыя кранула сотняў тысяч людзей.

Паўнамоцны прадстаўнік грузінскага ўрада па кантактах з Расіяй Зураб Абашыдзэ тлумачыць, што расійскі бок знаёмы з гэтымі праблемамі, бо атрымлівае скаргі ад уладаў у Тбілісі, але не робіць ніякіх дзеянняў. Грузінскі дыпламат нагадаў, што Расія мае ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі шматтысячныя вайсковыя кантынгенты, якія гарантуюць Маскве кантроль над гэтымі грузінскімі тэрыторыямі.

IAR/эж