Беларуская Служба

Нагорны Карабах: чарговыя ахвяры канфлікту

29.09.2020 15:59
У армянскім горадзе Вардэніс загінуў адзін чалавек, паведамляюць улады краіны.
.
.PAP/EPA/AZERBAIJAN DEFENCE MINISTRY / HANDOUT

Горад быў абстраляны азербайджанскай арміяй. У сваю чаргу міністэрства абароны Азербайджана паведаміла, што армянская армія з Вардэніса абстрэльвала азербайджанскі рэгіён Дашкесан. Арменія абвергла гэтыя паведамленні.

Баі паміж Арменіяй і Азербайджанам пачаліся ў нядзелю пасля спробы ўладаў у Баку аднавіць кантроль над Нагорным Карабахам. Паводле інфармацыі, прадстаўленай абодвума бакамі, у выніку сутыкненняў загінулі салдаты і мірнае насельніцтва. Дакладная колькасць ахвяр невядомая.

Найбольш інтэнсіўныя баі адбываюцца ў паўночных рэгіёнах Нагорнага Карабаха. Паводле ўладаў Арменіі, сілы самаабароны сепаратыстаў, якія падтрымліваюцца армянскімі войскамі, у цяперашні час адбіваюць атакі азербайджанскай арміі. Аднак у Баку было абвешчана, што азербайджанскія войскі аднавілі кантроль над некалькімі населенымі пунктамі і занялі стратэгічныя пазіцыі.

Сітуацыяй у Нагорным Карабаху зоймецца Савет бяспекі ААН. Раней Еўракамісія заклікала бакі канфлікту спыніць барацьбу. Расія, звязаная ваенным саюзам з Арменіяй, заклікае пачаць мірныя перамовы. Падобным чынам выказаліся іранскія ўлады. З іншага боку, Турцыя, падтрымліваючы Азербайджан, адкрыта падтрымала ваенныя дзеянні Баку.

ав